Чаму навучыць кіраўнікоў прадпрыемстваў „справа Мальцава”?
Экс-дырэктар прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў разважае пра справу былога кіраўніка „Барысаўдрэва” Уладзіміра Мальцава, які ў хуткім часе павінен выйсці на свабоду па амністыі.
Нагадаем, Уладзіміра Мальцава абвінавацілі ў злоўжыванні ўладай альбо службовым становішчам і зрыве мадэрнізацыі.
Мінскі абласны суд у снежні мінулага года прысудзіў яму 3 гады пазбаўлення волі без канфіскацыі маёмасці. Потым 17 красавіка 2015 года Вярхоўны суд змяніў прысуд, скараціўшы тэрмін абмежавання волі да 2 гадоў і 6 месяцаў і адмяніўшы шкоду, нанесеную дзяржаве.
На падставе закона аб амністыі ад 17 чэрвеня 2014 года тэрмін асноўнага пакарання Мальцава скарацілі на 1 год. Калі Вярхоўны суд у красавіку гэтага года змяніў прысуд, Мальцаў ужо знаходзіўся ў зняволенні 1 год і 1 месяц, так што да цяперашняй амністыі яму заставалася прабыць у калоніі 5 месяцаў.
Васіль Шлындзікаў: Уся гэтая справа, як кажуць, дрэнна патыхае. Я чытаў, у чым абвінавачвалі Мальцава – гэта надуманая справа. Вельмі падобна на тое, што выконваўся заказ – і не больш за тое. Таму зараз дзяржава няхай не паказвае сваю міласэрнасць да гэтага чалавека – у яго і так аднялі і здароўе, і, напэўна, жаданне працаваць далей на карысць дзяржавы. Хоць, мяркую, нават тыя, хто ініцыянаваў арышт гендырэктара, зразумеў, што чалавек ні ў чым не павінен. Засталіся, відаць, яшчэ нейкія астаткі сумлення.
РР: Многія кажуць, што з такімі падыходамі, якія прымяніліся да Мальцава, за краты можна адправіць палову дырэктарскага корпуса.
Васіль Шлындзікаў: Практычна ўсіх, хто нешта імкнецца зрабіць. Тыя, хто сядзяць, як мышы пад венікам, адчуваюць сябе ў гэтым плане больш спакойна, але і іх пры жаданні можна адправіць “па этапу”. Тым больш, улічваючы эканамічную неадукаванасць асобных следчых.
РР: Мадэрнізацыя на “Барысаўдрэве” пачалася яшчэ да таго, як кіраўніком прадпрыемства стаў Мальцаў, але “стрэлачнікам” прызначылі менавіта яго. Чаму так?
Васіль Шлындзікаў: Не пашэнціла чалавеку, бо ён аказаўся не ў той час і не ў тым месцы. Шкада толькі, што дзяржава згубіла, напэўна, неблагога кіраўніка. Па меншай меры – прыстойнага. Чалавек хацеў працаваць, вучыцца… А яго ў момант зламалі.
РР: А чаму не нясуь адказнасці высокія асобы, якія адказваюць за мадэрнізацыю? Яны практычна заўсёды выходзяць сухімі з вады…
Васіль Шлындзікаў: Хто ж іх пасадзіць?! Яны ж камандуюць парадам, і большасць з іх ўпэўнены, што ўсё ведаюць. Яны гатовы камандаваць прадпрыемствамі, а гэта, як кажуць, справа без пылі. Адна справа аддаваць каманды і зусім іншая – рэальна працаваць. Няхай бы паказалі клас на прадпрыемстве, хацеў бы на гэта паглядзець. Такая склалася сістэма.
РР: Чаму навучыць кіраўнікоў прадпрыемстваў “справа Мальцава”?
Васіль Шлындзікаў: Яна навучыць не праяўляць ініцыятыву, як гэта зрабіў былы кіраўнік “Барысаўдрэва”. А значыцца будуць выконваць усё тое, што ад іх патрабуе начальства. Нават калі і будуць бачыць бязглуздасць нейкіх рашэнняў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя