Чаму неабходна падвысіць пенсійны ўзрост сілавікам?



Праваабаронца і былы супрацоўнік пракуратуры Алег Волчак выказвае сваё стаўленне да таго, што прадстаўнікам сілавых структур збіраюцца падвышаць пенсійны ўзрост.

Падвышэнне пенсійнага парогу закране і вайскоўцаў, і дзяржаўных службоўцаў. Пра гэта заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Мар’яна Шчоткіна пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.

Алег Волчак: Я мяркую, што гэта цалкам правільнае рашэнне – падвысіць пенсійны ўзрост сілавікам. Мы нават пісьмова дасылалі ва ўладныя структуры прапановы па рэформе МУС, дзе казалі, што іх работнікаў трэба пераводзіць у статус пенсіянераў на роўных правах з іншымі грамадзянамі Беларусі.

РР: Сілавікі могуць быць незадаволенымі такім рашэннем…

Алег Волчак: Я хачу сказаць, што пасля гэтага ніякай «рэвалюцыі праваахоўнікаў» не будзе. Ніхто не стане абурацца, ладзіць мітынгі і наогул гучна выказваць незадавальненне. Па той простай прычыне, што кожны трымаецца за сваё месца і баіцца згубіць яго, каб наогул не застацца без працы. Вы паглядзіце што наўкол робіцца – паўсюль скарачэнні і беспрацоўе. А сілавікі і так нядрэнна жывуць. Маюць ільготы на будаўніцтва жылля, неблагія пенсіі ў параўнанні з многімі астатнімі катэгорыямі грамадзян. Так што нічога страшнага – падвышэнне пенсійнага ўзросту яны ціха праглынуць.  І ўвогуле, на мой погляд, трэба было пачаць падвышэнне пенсійнага ўзросту не з агульнай катэгорыі людзей, а з рознага кшталту ільготнікаў.

РР: Выхад на пенсію для сілавікоў у 45 гадоў – гэта нізкая мяжа?

Алег Волчак: Безумоўна, няхай паглядзяць на вопыт паліцэйскіх Германіі, Чэхіі ці Амерыкі. У іх няма такіх пенсійных ільгот. Ільготы для міліцыянераў – гэта нейкая савецкая норма. І пры гэтым ім яшчэ ў стаж залічваецца і вучоба ў школе міліцыі. Да таго ж, сёння можна прыкладна ў 40 адсоткаў работнікаў праваахоўных органаў зняць пагоны, і перавесці іх у шэраг наёмных работнікаў. А пакуль яны ж таксама маюць пенсійныя ільготы. Навошта ў аддзелах па грамадзянству і міграцыі сядзяць дзяўчаты-маёры міліцыі? Чалавек пашпарты выдае, а ў 45 гадоў ужо будзе пенсіянерам. Яны што, у ліцейным цэху працавалі? Па 10-20 кг пяску цягалі на заводзе? Не, паперкі выдавалі. Таму гэтую несправядлівасць даўно трэба было прыбраць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя