Чаму неабходна ўводзіць каранцін
Былы начальнік медыцынскай службы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі Васіль Завадскі распавядае, чаму ў краіне неабходна ўводзіць каранцін.
Васіль Завадскі: Ведаеце, у чым бяда нашай улады? У тым, што яна рэдка прызнае свае памылкі. Вось нас супакоўваюць, што ўсё пад кантролем, а таму і каранцін не ўводзіцца, але многія людзі гэтым словам не вераць.
Не выключаю нават, што мы не валодаем рэальнымі лічбамі па распаўсюджванні каронавіруса ў краіне. Усе ж ведаюць пра нашу статыстыку, і як яе могуць пры неабходнасці “скарэктаваць” у неабходны бок.
Але нават, калі колькасць хворых пакуль невялікая, то самы час прымаць прафілактычныя меры.
РР: Маеце на ўвазе ўвядзенне каранціна?
Васіль Завадскі: Так. Трэба, як гэта робяць іншыя краіны, зачыняць школы і дзіцячыя садкі. Гэта глупства, калі чыноўнікі кажуць, што, маўляў, дзеці амаль не хварэюць на каронавірус, а таму каранцін для іх не патрэбен.
Дзеці, дзякуй Богу, можа і менш хварэюць, але хварэюць. І калі трыццаць чалавек знаходзяцца ў адным памяшканні, то значна больш шанцаў падхапіць вірус, чым тады, калі б яны знаходзіліся дома.
Таму маё меркаванне – каранцін неабходна ўводзіць неадкладна. Гэта – першы элементарны крок, які патрэбна зрабіць, каб абараніць грамадства ад каранавіруса. Не выключаю, што гэта разумеюць і ў Міністэрстве аховы здароўя, але, на жаль, яны не могуць нічога зрабіць, калі ў вярхоўнай улады іншая пазіцыя на гэты конт. У нас чыноўнікі не могуць самастойна прымаць рашэнні. Хаця ў выніку ўсё гэта можа прывесці да вельмі цяжкіх наступстваў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя