Чаму праціўнікі акумулятарнага завода не наведваюць «круглыя сталы»?



Берасцейскі блогер Аляксандр Кабанаў распавёў, чаму вырашыў не наведваць дыскусіі, якія апошнім часам ладзіць мясцовы акумулятарны завод па ініцыятыве «Экадома».

Прайшлі ўжо два «круглыя сталы» па тэматыцы экалагічнай бяспекі і будучыні Берасцейскага акумулятарнага завода, які пабудаваны, але да гэтага часу не працуе. Праціўнікі гэтага завода прынцыпова ігнаруюць вышэйзгаданыя мерапрыемствы.

Аляксандр Кабанаў: Мы не збіраемся прымаць удзел у гэтых мерапрыемствах, бо ўсе неабходныя пытанні задалі кіраўніцтву завода яшчэ раней. І да гэтага часу не атрымалі адказы. Таму ў гэтым цырку ўдзельнічаць няма ніякага жадання. Мы напісалі заявы ў МУС, КДБ, прадаставілі факты па ўсіх дакументах.

Нас спрабуюць таксама пасадзіць за «круглы стол», каб паказаць, што з грамадскасцю ідуць нейкія перамовы. Уладам таксама гэта патрэбна, каб людзі не хадзілі на плошчу. Вось што іх непакоіць у год прэзідэнцкіх выбараў.

РР: Наколькі вядома, кіраўніцтва завода падало дакументы на дзяржаўную экалагічную экспертызу…

Аляксандр Кабанаў: Так, і, мяркуючы па ўсім, па выніках гэтай экспертызы паспрабуюць запусціць гэтае прадпрыемства.

Дарэчы, мы вывучылі дакументы па такіх жа заводах, якія знаходзяцца ў некаторых іншых краінах свету. І там куды больш сур’ёзныя ачышчальныя ўстаноўкі і іх куды больш. Многія рэчы нам не могуць патлумачыць да гэтага часу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя