Чаму працягваюцца арышты бізнесменаў?



Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў пракаментаваў затрыманне чарговага бізнесмена.

Віктар Маргелаў

Нагадаем, днямі быў затрыманы вядомы бізнесмен Аляксандр Кныровіч, які, па папярэдняй інфармацыі, знаходзіцца ў ізалятары КДБ.

Віктар Маргелаў: Сітуацыя выглядае такім чынам, што апошнім часам было затрымана даволі шмат знакавых бізнесменаў, якія на слыху. Зразумела, што ў свой час ім давалі зарабіць, і пры гэтым заплюшчвалі вочы на некаторыя рэчы. Але зараз у краіне, як кажуць, фінансы спяваюць рамансы, а таму трэба дзяліцца дабром. Хаця ў кожнага затрыманага бізнесмена свая персанальная гісторыя. Зараз, магчыма, усіх падрабязнасцей мы не даведаемся нават ад тых, хто ўжо выйшаў на волю, але з цягам часу можа хто і раскрые карты.

РР: Сёння ўладам, якія знаходзяцца ў пошуках інвестараў, здаецца, не мае сэнсу адпраўляць за краты бізнесменаў.

Віктар Маргелаў: Я б сказаў, што гэта ўладам зусім не выгодна. Але ж заўважце, што многія алігархі заплацілі мільёны даляраў штрафаў і выйшлі на волю. А ў калгасе мяшок бульбы чалавек скрадзе і нічога яго ад турмы не выратуе. Таму зразумела, што дзяржаве патрэбны грошы, ўлады пільна сочаць за прадстаўнікамі бізнеса. Прымушаць працаваць па законе – гэта добра. Іншая справа, каб арышты бізнесменаў не сталі масавай з’явай, як у сярэдзіне 90-х гадоў. Тады, калі трашчэў бюджэт, хапалі і трэслі камерсантаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя