Чаму праваабаронцаў не ўключылі ў грамадскую раду пры МУС?



Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавядае пра тое, каго абараняе грамадская рада пры Міністэрстве ўнутраных спраў.

Грамадскую раду пры Міністэрстве ўнутраных спраў узначаліў Павел Якубовіч, а ў яе склад увайшлі такія асобы, як былы рэктар БДУ Сяргей Абламейка, генеральны дырэктар дзяржаўнай тэатральна-відовішчнай установы «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь» Уладзімір Грыдзюшка, мастак-скульптар Аляксандр Дранец… Чыноўнікаў і творчых работнікаў шмат, але няма ніводнага праваабаронцы.

РР: Грамадская рада пры МУС – уплывовая структура ці не? Чым яна займаецца?

Валянцін Стэфановіч: Я спрабаваў хоць нешта прыгадаць пра ранейшую рэальную дзейнасць гэтай рады ды так нічога і не прыгадаў. Хіба што спявачка Ірына Дарафеева, якая ўваходзіла ў склад рады, пасля наведвання ў калонію заявіла, што там можна паесці, “як у рэстаране”.

РР: Можа тады такое аб’яднанне ўвогуле не патрэбна?

Валянцін Стэфановіч: Гэта глабальная праблема – кантроль за дзейнасцю МУС і месцамі прымусовага ўтрымання. Фармальна розныя рады, безумоўна, існуюць, але ніякіх маніторынгаў альбо дакладаў на гэтую тэму немагчыма знайсці. Сама па сабе ідэя стварэння такой рады не новая, і яна насамрэч павінна быць элементам грамадскага кантролю за працай МУС. Напрыклад, такая арганізацыя ёсць ва Украіне, але туды ўваходзяць праваабаронцы, і паўнамоцтвы ў людзей там крыху іншыя. Структура ўзаемадзейнічае з упаўнаважанымі па правах чалавека, а таму ўсё гэта выбудоўваецца ў больш сур’ёзную рэч. А ў Беларусі рада пры МУС – самая сапраўдная прафанацыя. І ад замены кіраўніка альбо сябраў рады яе сутнасць абсалютна не зменіцца.

РР: Чаму праваабаронцаў не хочуць бачыць у гэтай радзе?

Валянцін Стэфановіч: Відаць, праваабаронцы будуць задаваць вострыя пытанні, а гэта нікому не патрэбна. Адным з накірункаў дзейнасці “Вясны” якраз і з’яўляецца маніторынг месцаў прымусовага ўтрымання, мы пастаянна сутыкаемся са злоўжываннямі ў службовай дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі. Але могуць сказаць, што, маўляў, “Вясна”, якая была ў свой час ліквідавана ўладамі, не мае афіцыйнай рэгістрацыі. Але ж не запрашаюць у савет нават прадстаўнікоў тых праваабарончых арганізацый, якія маюць легальны статус. Радзе не патрэбна было вырашэнне рэальных праблем, ім трэба цішыня і спакой. Не думаю, што нешта зменіцца і зараз…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя