Чаму праваабаронцы небяспечныя для ўладаў?



Кіраўнік зарэгістраванага ў Кіеве праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак распавядае пра тое, чаму ўлады не жадаюць бачыць Алену Танкачову ў Беларусі.

Учора суд Цэнтральнага раёну Менска адмовіў у датэрміновым вяртанні высланай з Беларусі праваабаронцы Алены Танкачовай. У 2015 годзе яе выслалі з краіны на тры гады за нязначныя перавышэнні хуткасці.

Алег Волчак: Алена Танкачова – даволі прафесійны юрыст, яна гэдак жа прафесійна рыхтавала даклады па правах чалавека ў Беларусі і прадстаўляла беларускую грамадзянскую супольнасць у розных міжнародных структурах. Натуральна, што ў гэтых дакладах гучала крытыка беларускіх уладаў. Але справядлівая крытыка. Таму відавочна, адкуль ногі растуць у факце высылкі Танкачовай з краіны. Я ўпэўнены, каб не яе праваабарончая дзейнасць, то Алене ўжо даўно дазволілі б вярнуцца ў Беларусь. Тым больш, што тут у яе ёсць нерухомасць, яна тут доўгі час жыла. Нават калі нехта перавысіў хуткасць на машыне, то пакаранне зусім не адэкватнае.

РР: Адным словам, у гэтай справе не хапае палітычнай волі ўладаў, каб праваабаронца вярнулася дадому раней часу…

Алег Волчак: Безумоўна. Няўжо Танкачова ўяўляе такую пагрозу, што ёй нельга вярнуцца? Тым больш, што ўжо прайшло два гады з моманту яе высылкі. Відаць, улады вырашылі “правучыць” праваабаронцу, паказаць ёй, што яна ў пэўнай ступені таксама знаходзіцца ў залежнасці ад дзяржавы. Яна як быццам адбывае пакаранне праз высылку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя