Чаму прыватны ўніверсітэт патрапіў у апалу да Мінадукацыі?



Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў выказаў сваё стаўленне да сітуацыі, якая склалася вакол Менскага інавацыйнага ўніверсітэта (МІУ).

Нагадаем, што 11 лістапада зранку каля 600 студэнтаў МІУ аб’явілі забастоўку. Яны пратэставалі супраць таго, што ВНУ не працягнулі акрэдытацыю па пяці спецыяльнасцях – “Правазнаўства”, “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Транспартная лагістыка” і “Псіхалогія”. Маладыя людзі былі занепакоены тым, што могуць застацца без дыпломаў.

Рэктар прыватнай ВНУ кажа пра тое, што такая сітуацыя склалася праз непрыязнае стаўленне кіраўніцтва Мінадукацыі да ўніверсітэта.

Анатоль Паўлаў: Cітуацыя крыху дзіўная ў тым плане, што 28 гадоў універсітэт працаваў нармальна, і да яго не было практычна ніякіх пытанняў па акрэдытацыі, а зараз яны ў адзін момант з’явіліся.

І нават калі ёсць пэўныя прэтэнзіі, то трэба даць тэрмін на тое, каб іх выправіць, а цяпер ужо кажуць ледзь не пра тое, каб пераводзіць студэнтаў у іншыя ВНУ. Адным словам, воз чамусьці гоняць наперадзе каня.

РР: Вядома, што рэктар Менскага інавацыйнага ўніверсітэта нярэдка крытыкаваў працу і міністра адукацыі, і міністэрства…

Анатоль Паўлаў: Улічваючы, хто зараз кіруе гэтым ведамствам, не выключаю, што такім чынам Мінадукацыі магло адрэагаваць на крытыку. Іншая справа, што я наогул не разумею такія “наезды” на прыватную навучальную ўстанову.

У МІУ навучаецца крыху больш за 1600 студэнтаў, яны ж не канкурэнты для дзяржаўных ВНУ, дзе вучыцца некалькі соцен тысяч чалавек. І калі з паспяховасцю ў прыватнай установе ўсё нармальна, калі людзі атрымліваюць дыпломы і працаўладкоўваюцца, то ў чым праблема?

Таму ў дадзеным выпадку, як мне падаецца, мае месца нейкае высвятланне адносін на асабістым узроўні. Калі ж не, то ў самы бліжэйшы час, на маю думку, канфлікт будзе вырашыны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя