Чаму суддзям вынеслі жорсткія прысуды?



Юрыст “Беларускага Хельсінкскага Камітэта” Гары Паганяйла пракаментаваў рашэнні па справе суддзяў Эканамічнага суда.

Гары Паганяйла

Нагадаем, дваіх мінскіх суддзяў прыгаварылі на доўгія тэрміны зняволення. Вярхоўны суд пастанавіў прысуд па справе суддзяў Эканамічнага суда горада Мінска Юрыя Грушэцкага і Алены Мельнікавай.

Юрый Грушэцкі прызнаны вінаватым у махлярстве, дачы і атрыманні хабару. Ён прыгавораны да 11 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Алена Мельнікава прызнана вінаватай у атрыманні хабару і прысуджаная да 13 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Гары Паганяйла: Я думаю, што пры вынясенні меры пакарання было ўлічана, што за суб’екты знаходзіліся на лаве падсудных. А судзілі тых людзей, якія павінны былі самі ўвасабляць чысціню закона. Непадкупныя, справядлівыя… А тут – такая гучная і непрыгожая справа! Дарэчы, наколькі мне вядома, сам старшыня Вярхоўнага Суда заўсёды прынцыпова ставіўся да тых суддзяў, хто браў хабары. Таму і бачым такія вялікія тэрміны зняволення.

РР: Барацьба з карупцыяй – у дзеянні?

Гары Паганяйла: Барацьба дэманструецца, але яе эфектыўнасць, тым не менш, даволі нізкая, таму што вельмі шмат чаго не робіцца. Уся сістэма ўлады пабудавана такім чынам, каб карупцыйная сістэма не знікла, а таму і змагацца з ёй вельмі складана. А такія гучныя працэсы – гэта проста дэманстрацыя таго, што ніхто не можа сыйсці ад адказнасці. Маўляў, недатыкальных у нас няма. Але ж паспрабуйце пазмагацца з гэтымі ветракамі, калі карупцыя – ва ўсіх галінах улады. Ад нізоў і да самага верха.

РР: Карупцыя ў судзейскім корпусе – гэта выключэнне ці правіла?

Гары Паганяйла: Можа і не правіла, але, на жаль, і не выключэнне. Сістэма арганізацыі судоў і судовая палітыка паказваюць, па-першае, што яны далёкія ад простага народа і нярэдка проста абслугоўваюць уладу. Вось суддзі і думаюць, што гэтая самая ўлада іх “прыкрые” ў выпадку чаго, а таму элементарна губляюць страх і сорам. Але ж гэта памылковае меркаванне, таму што ў нас любяць правесці час ад часу паказальны працэс.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя