Чаму Сяргей Антончык не абскарджваў судовае рашэнне?



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Антончык распавёў, чаму ён не дамагаўся справядлівасці ў сваёй судовай справе.

Не так даўно дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Сяргея Антончыка аштрафавалі за камяні на лецішчы з бел-чырвона-белай сімволікай.

Суткі ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання, а затым Стаўпецкі раённы суд асудзіў Антончыка да штрафа ў 30 базавых велічынь (870 рублёў).

Сяргей Антончык: Я насамрэч не абскарджваў рашэнне суда, бо не бачу ў гэтым сэнс. Вы ж не будзеце кідацца з кулакамі на каменную сцяну толькі таму, што гэта – справа прынцыпу. Калі зараней ведаеце, што выніку – нуль, то трэба паступаць рацыянальна. Тым больш, няма ў мяне зараз на абскарджванне ні здароўя, ні часу.

РР: Якія высновы вы зрабілі для сябе з усёй гэтай гісторыі?

Сяргей Антончык: Выснова такая – сёння можна чакаць усё што заўгодна. Калі ўжо за бел-чырвона-белыя камяні судзяць, то пра што можна казаць? Тым больш, што гэтыя камяні ляжалі каля шасці гадоў, і на іх ніхто не звяртаў увагу. Але надышлі іншыя часы, і ўжо камяні камусьці муляць вока.

А абскарджваць гэтае судовае рашэнне, як ужо казаў, пустая справа. Калі ў краіне “не да законаў”, то законным шляхам нічога не дакажаш.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя