Чаму “целяпаецца” беларуская навука?
Былы кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Вайтовіч распавядае пра стан сёняшняй беларускай навукі і пра тое, чаму навукоўцы не зараблюць грошы на ўласнае ўтрыманне.
«Калі навука не ўплывае на фінансавае становішча дзяржавы і сама целяпаецца з боку ў бок, не зарабляючы грошы хаця б на ўласнае ўтрыманне, гэта ўжо не арганізацыя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас гутаркі са старшынём прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімірам Гусаковым.
Аляксандр Вайтовіч: Сітуацыя яшчэ раз паказвае, што разважанай і прадуманай дзяржаўнай палітыкі ў галіне навукі ў нас няма. Беларуская навука ў вельмі цяжкім стане і нічога асабліва не адбываецца, што сведчыла б пра тое, што прымаюцца нейкія рэальныя меры.
РР: Ёсць такі выраз: “Калі вы такія разумныя, то чаму такія бедныя?” Чаму навукоўцы не зараблюць грошы на ўласнае ўтрыманне?
Аляксандр Вайтовіч: Калі кажуць, што навукоўцы павінны зарабляць грошы для сябе, то гэта сведчанне неразумення таго, чым павінна займацца навука ў краіне. Перш-наперш інавацыйны працэс арганізуе не навука, а менавіта ўлада. А ў нас сапраўды яго няма, ён знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане. Суадносна няма аддачы і навуцы, хоць гэта – не бяда апошняй, а праблема дзяржавы.
РР: Пра рэфармаванне беларускай навукі гавораць гадамі, а воз – на месцы. Чаму так адбываецца?
Аляксандр Вайтовіч: Вось у свой час Акадэмію навук узначаліў Міхаіл Мясніковіч, які не быў прафесіяналам у навуцы наогул. Быў прыняты план рэфармавання, які быў разгледжаны на агульным сходзе, але, як мне падаецца, сёння пра той план 2004 года ўжо нават і забылі. Больш за дзесяць гадоў прайшло, а сёння ізноў пра тыя ж самыя праблемы кажуць. Дык дзе вы былі ўсе гэтыя дзесяць гадоў? Што зрабілі? Дабіліся таго, каб навукоўцы самастойна не выказваліся, і лічыце гэта дасягненнем? Дык што гэта за навука будзе, калі навуковец свае думкі, погляды і гіпотэзы хавае? Таму няма чаму сёння здзіўляцца. Беларуская навука сёння трымаецца на сталых навукоўцах, а моладзь туды слаба ідзе. Вось і “целяпаемся”…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belchas.by