Чаму ў аэрапорце Менска няма беларускай мовы?
Генеральны дырэктар нацыянальнага аэрапорта Менск Дзмітрый Мелікян 1 лістапада на прэс-канферэнцыі растлумачыў, чым абумоўленая адсутнасць у аэрапорце інфармавання на беларускай мове.
Інфармацыя тут даецца па-ангельску і па-расейску, а з нядаўняга часу з’явіўся расклад рэйсаў на кітайскай мове.
„Хацелася нагадаць, што ў нас дзве мовы нацыянальныя: і руская, і беларуская. Але руская мова, у адрозненне ад беларускай, гэта яшчэ і адна з васьмі моў, прынятых у свеце як міжнародныя. Таму на сённяшні дзень інфармацыя падаецца на трох з васьмі агульнапрынятых у сусветным зносінах моў”, — сказаў гендырэктар нацыянальнага аэрапорта Менск, адказваючы на пытанні журналістаў.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што назва аэрапорта на яго будынку напісаная па-беларуску. „Хачу сказаць, што мы працуем над папулярызацыяй беларускай мовы, у тым ліку і на тэрыторыі аэрапорта”, — адзначыў Мелікян.
Разам з тым, працягнуў ён, інфармацыю на беларускай мове ў аэрапорце не перадаюць, „каб яна не скажалася, людзі не блыталіся ў назвах і гэтак далей”.
„Трэба, каб людзі арыентаваліся нармальна. Асабліва з улікам таго, што сёння 30% карыстальнікаў аэрапорта — транзітныя пасажыры, якія не з’яўляюцца беларускамоўнымі. Мы ў першую чаргу робім так, каб было зручна пасажыру, прынцып нацыянальнага аэрапорта — гэта зручнасць, каб у любога карыстальніка не ўзнікала лішніх пытанняў. Хачу нагадаць, што найбліжэйшыя рэгіёны Расейскай Федэрацыі, такія як Смаленская, Пскоўская вобласці, таксама з’яўляюцца карыстальнікамі нацыянальнага аэрапорта. Яны яго прынялі як лепшы варыянт у параўнанні з маскоўскім аэравузлом. Але пры гэтым усе нашы супрацоўнікі, якія працуюць з пасажырамі, ведаюць у абавязковым парадку не толькі замежныя мовы, але таксама і беларускую мову”, — адзначыў Мелікян.