Чаму ў Беларусі ігнаруюцца слаўныя гістарычныя даты?



гарэцкіУпершыню за 20 гадоў на Лідчыне забаранілі ўшанаваць памяць паўстанцаў 1863 года, а 27 ліпеня – дзень прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі – улады і наогул праігнаравалі. “Краіна, якая забывае сваю гісторыю, не можа мець будучыні”, – кажа грамадскі дзеяч, акадэмік Радзім Гарэцкі.

Радзім Гарэцкі: Як мне падаецца, гісторыю падзялілі на “правільную” і “няправільную”. І ў гэтым плане звалілі ўсё ў кучу – Дзень Рэспублікі, Дзень Незалежнасці, Дзень вызвалення Беларусі… Якое ж было 3 ліпеня вызваленне Беларусі, калі ў гэты дзень вызвалілі толькі Менск? Хоць самым вялікім святам для краіны насамрэч павінны была стаць дата 27 ліпеня, бо менавіта гэты дзень даў Беларусі незалежнасць. І ў мяне складваецца ўражанне, што пра 27 ліпеня шмат хто забыўся – не толькі ўлады.

РР: Чаму на дзяржаўным узроўні ігнаруюцца такія слаўныя даты? Гісторыю ж не выкрасліш…

Радзім Гарэцкі: Таму што няма нацыянальнасвядомых адносінаў да нашых сапраўды беларускіх святаў. А памяць людская кароткая. Гісторыя забываецца ў момант.

РР: Што, на ваш погляд, магло б стаць для беларусаў нацыянальнай ідэяй?

Радзім Гарэцкі: Ідэя таго, каб Беларусь стала па-сапраўднаму беларускай, багатай, еўрапейскай і незалежнай. Вось гэта галоўнае! Ідэя даўно існуе, але, на жаль, да гэтага часу яе не змаглі рэалізаваць. У нас жа ніхто не займаецца гэтым, у чыноўнікаў свае меркаванні – абы быць пры ўладзе. Таму і да гісторыі такія адносіны. Але ўлада заўсёды павінна памятаць: краіна, якая забывае сваю гісторыю, не можа мець будучыні. Гісторыя, веданне мовы і культуры даюць правільнае разуменне сучаснасці. А сёння што мы бачым? Паглядзіце колькі ідзе хлусні па тэлебачанні? Так што, як ні сумна, будучыня Беларусі знаходзіцца пад вялікім пытаннем у сувязі з тым, ці застанемся мы незалежнымі. Гэта сёння – пытанне нумар адзін! Мы знаходзімся пад вялікай пагрозай згубы суверэнітэту.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара