Чаму ў Беларусі пачасціліся крушэнні ваенных самалётаў?



“Тэхніка старэе”, – адзначае былы міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі.

Нагадаем, што 11 лістапада ў Берасцейскай вобласці падчас правядзення планавых палётаў разбіўся самалёт МіГ-29 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ВПС і войскаў СПА. Але апошняе надзвычайнае здарэнне – толькі чарговае ў шэрагу такіх жа. Вось храналогія апошніх:

2009 год. На авіяшоу ў польскім Радоме разбіўся беларускі Су-27.

Красавік 2010 г. У Пружанскім раёне Берасцейскай  вобласці ў паветры сутыкнуліся два самалёты МіГ-29.

Верасень 2010 г. У Ганцавічскім раёне Берасцейскай вобласці разбіўся МіГ-29.

Кастрычнік 2011 г. На Пастаўшчыне разбіўся верталёт AS-355NP «Ecureuil» французскай компаніі «Еўракоптэр», які належаў Пагранкамітэту.

Лістапад 2011 г. Пад Пружанамі пры заходзе на аэрадром разбіўся верталёт Мі-24.

Чэрвень 2012 г. Пры выкананні планавых палётаў у Наваградскім раёне пацярпеў крушэнне самалёт Су-25.

Верасень 2014 г. Пад Лідай разбіўся ваенны самалёт Су-25.

Павел Казлоўскі: Можна меркаваць, што ваенная тэхніка, якая знаходзіцца на ўзбраенні беларускай арміі, старэе, а таму і адбываюцца такія надзвычайныя здарэнні. На нявопытнасць лётчыкаў, хутчэй за ўсё, гэтыя выпадкі не спішаш, хоць і такое бывае. Але гэта маё ўласнае меркаванне, кропкі над “і” павінна раставіць следства.

РР: У той час, калі Вы былі міністрам абароны, ці шмат помніце выпадкаў, калі разбіваліся ваенныя самалёты?

Павел Казлоўскі: Іх наогул не было, хоць нейкія тэхнічныя аварыі здараліся. Але трэба разумець, што ў 90-х гадах ваенная авіяцыя менш падымалася ў паветра. Пасля развалу Саюза маладая Беларусь знаходзілася ў фінансавым крызісе, грошай на паліва для самалётаў элементарна не хапала. А сёння паліва ёсць, а самалёты, можа быць, лётаюць яшчэ тыя, што былі і пры мне. Мадэрнізацыя нейкая, магчыма, адбываецца, але ж тэхніка – не вечная. Пакуль я не чуў, што беларускія вайскоўцы закупляюць новыя самалёты, а старыя спісваюць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sk.gov.by