Чаму ў Беларусі так мала апраўдальных прысудаў?



Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і палітвязень Сяргей Скрабец распавёў, чаму ў беларускіх судах абвінавачаным складана сябе апраўдаць.

Намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч паведаміў журналістам, што за 6 месяцаў гэтага года ў Беларусі асудзілі 20 236 чалавек, а апраўдалі толькі 43 чалавекі.

Сяргей Скрабец: Звычайна, калі чалавек трапляе пад следства, то ў дачыненні да яго і на самой справе выносяць абвінаваўчы прысуд, каб той не патрабаваў маральнай і матэрыяльнай кампенсацыі за паклёп і незаконнае ўтрыманне пад вартай. Як мне падаецца, звычайна апраўдваюць тых, хто мае сувязі ў вярхоўных колах. Не выключаю, што практыкуецца і хабарніцтва, калі сапраўдных злачынцаў вызваляюць ад пакарання. Але самі суддзі настроены на абвінаваўчыя прысуды.

РР: А можа следчыя сталі добра працаваць? Не выключаеце такі варыянт?

Сяргей Скрабец: Ведаю, што ў следчых ёсць план па раскрытых злачынствах, і калі яны гэты план не выканаюць, то не атрымаюць прэміі. Таму нярэдка і сутыкаемся з сітуацыяй, калі справы сфабрыкаваны міліцыяй, а следства гэта падтрымлівае. І суды таксама. Тут цэлая сістэма па “выхаванні грамадства” працуе. Мяне, напрыклад, абвінавацілі ў падрыхтоўцы да дачы хабару, маўляў, я думаў, каб даць хабар. А калі я пра секс думаў, то трэба было вінаваціць у падрыхтоўцы да згвалтавання? Таму час ідзе, а рэпрэсіўная машына не змяняецца. І лічбы па апраўдальных прысудах у будучым, думаю, таксама не зменяцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя