Чаму ў “найчысцейшым” Менску не ідуць у дворнікі



Паводле апошніх дадзеных Міністэрства працы ды сацыяльнай абароны, у сакавіку ў краіне ўпершыню за апошнія гады колькасць беспрацоўных перасягнула па ліку наяўнасць свабодных рабочых месцаў. Тым не менш, гэта зусім не тычыцца дворнікаў, якіх толькі ў Менску патрабуецца 1200. Але ж хоць прафесія і ўваходзяць у пяцёрку найбольш запатрабаваных вакансій, а ў Інтэрнэце ім абяцаюцца часам ад 4 да 6 млн у месяц, на справе заробкі атрымліваюцца ў разы меншыя і – пры дрэнных умовах працы. Сітуацыю даследаваў Віталь Сямашка.

…У дзень нашай сустрэчы 48-гадовы Сяргей Міхалевіч зранку выкаціў апошнім разам цялежкі са смеццем з хмарачоса на вуліцы Веры Харужай, дзе працаваў – вырашыў сыходзіць, маўляў, “начальнічкі дасталі!” А яшчэ нядаўна быў “узорным” – развешваў па пад’ездах ім жа напісаныя вершыкі-напаміны жыхарам, адзін з якіх вы бачыце зараз:

IMG_0226

СЯРГЕЙ: (смяецца )

  • Гэты “гімн” дворніка напісаў між справай – “азарэнне” ад абурэння накаціла! Прыбярэш у пад’ездзе зранку – увечары можаш па-новай. Жыхары і п’юць там, і смаляць, і ў карты рэжуцца прама на калясках з немаўляткамі ўнутры.

IMG_0231

РР: Якія “кліенты” найцяжэйшыя – дзеці, дарослыя, сабакі?

СЯРГЕЙ:

  • У трэцім пад’ездзе жыве былая старшыня дамкама. Як нагадзіць чыясьці сабака на лесвіцы, тэлефануе тут жа ў ЖЭС – “не прыбраў”. А яшчэ адзін выгляне з-за дзвярэй і зверху на мяне мацюкамі, пакуль да яго не дайшоў.

РР: Усё-ткі з-за чаго сыходзіш з “геаграфічна” прэстыжнага месца?

СЯРГЕЙ кажа, калупаючы глебу гумовым ботам у дзірках ды трэшчынах:

  • Не сышліся характарамі з кіраўнікамі ЖЭСа, якія не выконваюць свае абавязкі па заключанаму кантракту. Бачыш, каб застаўся працаваць, прыбіраў бы на босую нагу. За паўтара гады працы выдалі гэты замызганы касцюм ды целагрэйку на зіму, распісаўся за абутак, які так і не атрымаў, – у іх нямашака 44 памера!. Дырэктар зараз мае заробак у 6 млн, я ж 3 млн “чыстымі”. Павінны былі зрабіць, каб дырэктар атрымліваў 6, а дворнік 10 – тады з мяне можна было б напоўніцу спытваць! Ацаніце мае “аб’ёмы” працы – 4 смеццекамеры, 2 пад’езды “дзевяціпавярхоўкі” і ўся навакольная тэрыторыя – да бліжэйшай будоўлі метраў 300. Плюс “бясплатны” дадатак па ўборцы двух другіх пад’ездаў ды ўкідыванню “жыровак”. Працоўны дзень доўжыцца з 7 да 16 з панядзелка да пятніцы, з 9 да 12 у суботу. Плюс бясплатна абслугоўваю суседнія пад’езды, дзе ў такім жа доме насупраць за тыя ж грошы, але ўдвая менш працуюць два мае “калегі”! Жыхары падыходзілі, гледзячы на мае “ахвяры” – ты хоць 5 млн маеш? Толькі смяюся… Хоць бы паўстаўкі набавілі – па заканадаўству – мо б яшчэ падумаў, ці сыходзіць…

IMG_0224

РР: А ці ведаеш, што ў савецкія часы дворнікам бясплатна на час працы кватэры выдавалі?

  • Ведаю, але чуў пра гэта толькі ў расповедах старажылаў. Зараз дзяржава падманвае нас не на 100 – на 200 %, можна сказаць!

80-гадовая спадарыня Таісія Пукач спачатку нават узрадавалася два гады таму запрашэнню на працу дворнікам у 72-гі ЖЭС ЖРЭУ Савецкага раёна. Па-першае, побач з жытлом ля Камароўкі, дый на людзях лягчэй перанясецца заўчаснае гібенне 22-гадовага любімага прыгажуна-ўнука.

IMG_0232

ТАІСІЯ ПУКАЧ:

  • Неяк ішла па вуліцы, плачучы. Сустрэла старшага майстра Ніну, што таксама зараз звольнілася адтуль з-за немагчымасці працаваць. За руку зацягнула ў ЖЭС і дамову заключыла са мной на працу на 5 год. І сапраўды за працай, з людзьмі было лягчэй. Спачатку “гнала” чатыры, потым на паўтары стаўкі шэсць пад’ездаў – бясплатна, проста папрасілі. Дый самой было людзей шкада – у брудзе сядзяць, праз запэцканыя шыбы сонейка не ўбачыць. Удзячныя жыхары, ведаючы пра гэта, прымушалі ўзяць альбо каробку цукерак, альбо грошы, што збіралі. Пры гэтым каму ішлі стаўкі за “бязгаспадарчыя” дамы– нас было 6 дворнікаў на 12 стаўкаў – так і не даведаліся. Але хадзілі ды прыбіралі! Пры гэтым халатаў, зімовых апранах не выдавалі, а машыну-смеццевоз грузіць прымушалі – жах! Аднак “па чарзе” з кожнага з ведама начальніка здымалі каэфіцыенты – каб брыгадзіршы заплаціць “брыгадзірскія”. Калі дайшоў “воз” да мяне, без каментароў атрымала замест пакладзеных двух мільёнаў толькі 700 тысяч! А я 41 год на прадпрыемстве бездакорна адпрацавала, маю медаль, дык брыгадзірша – ніколі не называла прозвішча, прыдумала сама сабе “паганяла” “Марго” – параіла пры ўсіх мне засунуць узнагароды ў “ж…у”! А “не наравіцца, старая, дык звальняйся!” У хуткім часе ўсім, увогуле, не заплацілі грошай. Ад імя “жэсаўцаў” пайшла скардзіцца ў гарадское ўпраўленне камунальнай гаспадаркі. Начальнік прыняў, пры мне высветліў, што ўчасткі добра ўбіраюцца, паабяцаў разабрацца. Наш жа 29-гадовы дырэктар ЖЭСа вырашыў мяне звольніць заднім днём “за прагулы” – насамрэч за зварот да начальства “праз галаву”. Брыгадзірша ж тым часам бясконцымі прыдзіркамі давяла да таго, што мяне хапіў перадінфарктны стан – два дня не гаварыла, тыдзень не магла хадзіць на працу. Яны гэтым і скарысталіся!  

Запіс за прагулы без дазволу ў працоўную кніжку Таісіі Архіпаўны, ветэрана працы, дзе адны падзякі, меў сумленне ўпісаць дырэктар ЖЭС-72 АЛЯКСАНДР МАЛАШЧАНКА. Спытваю ў суразмоўніцы:

РР: Але ж чаму не выклікалі ўрача, не ўзялі бюлетэнь?

  • “Марго” подла падманула, ўгаварыўшы замяніць мяне сынам, маўляў, пасля ўсё ўлагодзім. Яму пасля таксама не выплацілі ані капейчыны. Я ж фізічна не магла дайсці да бальніцы, жыву адна – адляжалася. Калі прыйшла на працу – аддалі працоўную кніжку з “воўчым білетам”.

Сітуацыю папрасіў пракаментаваць СЯРГЕЯ АНТОНЧЫКА, экс-старшыню Рабочага саюза Беларусі, які арганізоўваў у 90-х мінулага веку пратэстныя страйкі працоўных.

IMG_0233

СЯРГЕЙ АНТОНЧЫК:

  • Сітуацыя з такім подлым і нахабным падманам мяне не здзіўляе. Таму што ў законатворчай практыцы не забяспечваюцца канстытуцыйныя правы працоўных ды палажэнні “правільных” кодэксаў. Кіроўная групоўка зняважліва ставіцца да людзей, што забяспечваюць жыццяздольнасць краіны. Пішуць у аб’явах адное, а ў выніку не плацяць абяцаныя грошы. Ці бяруць з так званым трохмесячным “выпрабавальным” тэрмінам, а пасля выплачваюць палову заробку альбо проста выкідваюць на вуліцу. Такім чынам, людзі ператвараюцца для “вертыкалі” ў рабоў, працоўнае быдла для забеспячэння іх ды іхнай улады. Цынізм бязмежны, бо на вярхах зразумелі, што з людзьмі, што не разумеюць і не карыстаюцца працоўнай салідарнасцю, можна рабіць усё, што заўгодна. Бо калі няшчасную 80-гадовую бабулю ані за што выкідваюць з працы, дзе патрабуюцца тысячы людзей – гэта поўнае бязмежжа! Нічога дзіўнага – прэзідэнцкія дэкрэты за нумарамі 1,5, іншыя прывялі ўжо да абмежавання правоў працоўных. І гэта прыводзіць да такога вось дзяржаўнага цынізму…

Паводле ўсё той жа статыстыкі, сярэдні заробак дворнікаў складае 68 % ад сярэдняга па Менску. Пры гэтым сёлета яго рост быў утрая меншым, чым у іншых прафесіях.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара