Чаму ў Пінску адбылася сутычка з сілавікамі?



Трэцяя гадавіна прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Яшчэ ў ходзе кампаніі грамадства праявіла вялікую зацікаўленасць да альтэрнатыўных кандыдатаў. Таму калі ўвечары 9-га жніўня было афіцыйна заяўлена пра перамогу дзейнага кіраўніка краіны з вынікам у звыш як 80% галасоў – людзі пачалі масава выходзіць на вулічны пратэст.

У першы паслявыбарчы вечар самыя гучныя падзеі разгарнуліся ў Пінску каля будынку гарадскога выканкама. Тут адбылася жорсткая сутычка дэманстрантаў з сілавікамі. Па словах грамадскага актывіста, усё здарылася з-за спробы міліцыянтаў атачыць натоўп нязгодных:

– Менавіта вось гэтае наступленне міліцыі, якія грукалі ў шчыты, справакавала саму бойку. Дарэчы, чаму людзі пачалі рухацца. Людзі пачалі рухацца пасля таго, як ланцужок міліцыянтаў перакрыла шлях адыходу. Калі той ланцужок пашыхтаваўся, тады людзі пачалі рухацца. Людзі апынуліся заціснутыя, міліцыянты кажуць, што нейкі шлях для адступлення быў. На маю думку, менавіта гэта справакавала тую самую бойку.

Кажа грамадская дзяячка з Пінска, тыя падзеі пінчукі актыўна абмяркоўваюць і сёння:

– Прычым часта гэта чуеш ад людзей, ад якіх спадзяешся найменш. Гэта памятаюць таксісты, прадаўцы, медыкі і выпадковыя мінакі. Гэта абмяркоўваецца, ідзе пераасэнсаванне, знаходзяцца нейкія новыя складнікі, новыя версіі таго, як гэта магло б адбывацца. Гэта актуальна, абмяркоўваецца і абмяркоўваецца па ініцыятыве саміх людзей.

У выніку падзей 9-10-га жніўня ў Пінску была заведзена так званая „пінская справа”. За ўдзел у масавых беспарадках на сённяшні дзень асуджана 27 пінчукоў на тэрміны ад 3 да 6,5 гадоў, на іх накладзеныя вялікія кампенсацыі. Афіцыйна ў выніку сутычкі пацярпелі 109 міліцыянтаў.

Беларускае Радыё Рацыя