Чаму ўкраінцаў зацікавіла беларуская мова?



Беларуская мова становіцца ўсё больш папулярнай ва Украіне. Ад 2009 года ў Кіеве стала дзейнічае “Беларускі моўны клуб”. Гэта не класічныя моўныя курсы, дзе кожны забавязаны штотыдзень вывучаць пэўны моўны курс, атрымлівае нейкае хатняе заданне. Людзі нефармальна збіраюцца за філіжанкай кавы, каб пагутарыць на вольныя тэмы менавіта па-беларуску і ўдасканаліць свае моўныя веды, а той-сёй – занатаваць словы, якія раней не ведаў.

Чаму ўкраінцаў зацікавіла менавіта беларуская мова? Хто па прафесіі кіеўскія беларусафілы? У чым падабенства і розніца моўных сітуацый у Менску і Кіеве?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война сустрэўся з Дэйкам Бугаем, арганізатарам кіеўскага “Беларускага моўнага клубу”.

Дэйка Бугай: Так здарылася, што я быў актыўна зацікаўлены беларускай мовай. І музыку слухаў, і з сябрамі ліставаўся, і пачаў ездзіць у Беларусь. І тут я заўважыў, што кожны раз, калі я бываю ў Беларусі, мне неяк складана кантактаваць. Таму я і вырашыў, што мне трэба нейкая сталая практыка беларускай мовы, каб падтрымліваць свае веды. Тады набывала папулярнасць ідэя моўных клубаў, прытым – па самых розных мовах. Я падумаў: а чаму б не зрабіць і беларускі моўны клуб? Тым больш, у Кіеве ёсць нямала людзей, якія хацелі навучацца беларускай. Скантактаваліся, сабраліся… І стала сустракаемся ад восені 2009 года.

Чаму менавіта беларуская мова мяне зацікавіла? Рэч у тым, што мовы ў нас вельмі і вельмі блізкія. Вывучаючы беларускую, я стаў лепш разумець некаторыя адценні і родных украінскіх слоў. І яшчэ цікавы момант, які я ўжо зразумеў, калі вывучыў беларускую. Насамрэч, падчас вывучэння беларускай адкрываеш новы свет. Вельмі для нас блізкі і духоўна, і ментальна, але які дагэтуль быў “белай плямай”.

РР: Людзі, якія навучаюцца беларускай мове, хто па прафесіі? Напэўна, пераважна філолагі і журналісты?

Дэйка Бугай: Людзі абсалютна розныя. Я вось, напрыклад, інжынер-канструктар. Ёсць у нас філолагі, але яны абсалютна не большасць. Ёсць праграмісты, праўнікі, гісторыкі… Ёсць нават адзін хлопец з Дагестана, які таксама зацікавіўся беларускай мовай. Людзі, падкрэсліваю, абсалютна розныя. Мы збіраемся не толькі дзеля таго, каб сустрэцца са старымі сябрамі, але і каб пазнаёміцца з новымі людзьмі. Рэч у тым, што ў нас няма ані спісаў чальцоў клуба, ані нейкіх запісаў. Хто хоча, той і прыходзіць. Нам заўсёды ёсць пра што пагаварыць, і кожны заўсёды распавядзе што-небудзь цікавае.

РР: Ці ёсць у вас нейкія адмысловыя методыкі вывучэння мовы?

Дэйка Бугай: У нас усё ж не курсы вывучэння беларускай мовы. Магу расказаць, як асабіста я вывучыў беларускую: слухаў шмат беларускай музыкі, шмат чытаў. Такі метад вывучэння мовы я і прасоўваю. Мы абменьваемся кнігамі, раім адзін аднаму, што паслухаць, што з фільмаў на беларускай мове паглядзець. Шмат у каго з нас ёсць ужо цэлая бібліятэка беларускіх кніг. Я, напрыклад, вельмі люблю Караткевіча, і не толькі я адзін. Мы ўжо трэці раз зладзілі каля яго помніка, што ў беларускай амбасады, чытанні ў яго гонар.

РР: Можа, быў бы сэнс звярнуцца ў тую ж беларускую амбасаду ў Кіеве, каб вам дапамаглі і тымі ж кніжкамі, і арганізацыйна?

Дэйка Бугай: Не, мы нікуды не звярталіся. У нас сабралася свая калекцыя. Да таго ж, цяпер часы сеціва, так што ўсяго хапае.

РР: Той-сёй можа спытацца: а нашто тым украінцам у Кіеве тая беларуская мова, калі далёка не ўсе беларусы ёй валодаюць, а некаторыя нават ставяцца да яе непрыязна?

Дэйка Бугай: Гэтая сітуацыя вельмі добра зразумелая ўкраінцам. У нас, вядома ж, усё не так тужліва…

РР: Усё ж ва Украіне ад самага пачатку незалежнасці была і пэўная ўкраінізацыя, і дзяржаўная падтрымка ўкраінскай мовы. У Беларусі ўсё наадварот – сітуацыя яшчэ горш, чым за Саветамі… Згадваецца адна ўкраінская гісторыя з 70-х, вельмі зразумелая і для нас. Калі ў Чарнігаў прыехала ўнучка ўкраінскага класіка Міхайлы Кацюбінскага і папрасіла таксіста правесці па мясцінах, звязаных з дзедам, таксіст заявіў: “А можна не на гэтай калгаснай мове?” Ці магчыма цяпер нешта падобнае ва Украіне?

Дэйка Бугай: Слова “калгаснае”, магчыма, ужо і не скажуць. Але з-за ўкраінскай мовы могуць і нахаміць, і проста ў катэгарычнай форме запатрабаваць, каб перайшлі на расейскую. Але, напрыклад, у Кіеве падобнае ўжо немагчыма. У некаторых гарадах, як, напрыклад, у Днепрапятроўску ці ў Дняпры, яшчэ гадоў дзесяць таму людзі даволі неадэкватна рэагавалі на ўкраінскую мову. Але цяпер яна ўспрымаецца абсалютна натуральна. То бок, у людзей з’явілася адчуванне, што гэта менавіта наша мова.

РР: На ваш погляд, у Беларусі “пункт моўнага незвароту” пяройдзены ці можа быць паварот людзей да беларушчыны?

Дэйка Бугай: Досведы Ізраіля і Чэхіі паказваюць, што ўсё магчыма. Вывучыць беларускую, ведаючы пры гэтым расейскую, куды прасцей, чым вывучыць ірландскую, ведаючы ангельскую…

“Беларускі моўны клуб” у Кіеве – далёка не адзінае месца, дзе ўкраінцы вывучаюць нашу мову. Беларускую мову таксама вучаць у Львове і Чарнігаве.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя