Чаму ўлада не хоча адмяняць смяротнае пакаранне?
“Пытанне палягае ў палітычнай плоскасці”, – мяркуе каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда.
У мінулым месяцы ў Беларусі вынесены чарговы смяротны прысуд. Першы ў гэтым годзе. Amnesty International ужо распачала з гэтай нагоды тэрміновую кампанію.
“Мы выступаем супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, – гаворыцца ў заяве арганізацыі. – Яно парушае права на жыццё, абвешчанае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека”.
Прысуд жыхару Рэчыцы – першы смяротны прыгавор, вынесены ў 2015 годзе ў Беларусі, адзінай у Еўропе краіне, дзе да гэтага часу існуе смяротная кара. Летась у Беларусі былі пакараны смерцю тры чалавекі.
Паводле звестак праваабаронцаў, з 1990 года ў краіне былі расстраляны 326 чалавек.
Андрэй Палуда: Пытанне смяротнага пакарання вырашалася на рэферэндуме ў далёкім 1996 годзе. І яго вынікі (прынамсі зараз) не падлягаюць перагляду. Магчыма, пытанне смяротнага пакарання – гэта пытанне яшчэ аднаго гандлю з Еўропай, як гэта адбываецца і з палітвязнямі.
РР: На ваш погляд, калі б сёння праводзіўся рэферэндум з нагоды адмены смяротнага пакарання, як бы выказаліся беларусы?
Андрэй Палуда: Разумееце, гэтая праблема адносіцца да катэгорыі эмацыйных. Вось, напрыклад, калі ўвесь час паказваць па тэлебачанні фільм, у якім злачынца жорстка забівае ахвяру, то чалавек, паглядзеўшы такое “кіно”, можа сказаць: “Нелюдзям не месца на гэтым белым свеце”. У людзей можна разбудзіць агрэсію, і тады ўжо пра міласэрнасць ніхто не ўспамінае. У той жа час пасля выбуху ў сталічным метро, калі загінулі людзі, па некаторых сацыялагічных апытаннях, упершыню ў Беларусі было зафіксавана, што колькасць людзей, якія выступаюць за адмену вышэйшай меры, большая, чым тых, хто выступае за растрэльны артыкул.
РР: Парадокс?
Андрэй Палуда: Гэта не парадокс, а недавер людзей да судоў. Суд, які разглядаў справу выбуху ў метро, не даў адказы на многія пытанні, якія паўставалі ў грамадстве. Смяротнае пакаранне – гэта не трыццаць удараў бізуном па мяккаму месцу. Тут судовыя памылкі ўжо не выправіш. Таму нават тыя, хто выступае за смяротныя прысуды, робяць гэта з пэўнымі агаворкамі. Калі на сто адсоткаў будзе даказана віна злачынцы, калі злачынства вельмі жудаснае… Увогуле, казаць пра тое, што сёння большасць беларусаў выступаюць за растрэлы злачынцаў, не выпадае.
РР: Можа быць, тады варта ў краіне правесці яшчэ адзін рэферэндум з гэтай нагоды?
Андрэй Палуда: Не думаю, што ўлада пойдзе на такі крок. Ды і не патрэбна ёй гэта. Каб адмяніць смяротнае пакаранне, нават і рэферэндум не патрэбен. Дастаткова подпісу аднаго чалавека.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя