Чаму ўладам камсамол даражэй за БНР?



Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі распавёў, чаму ўлады не імкнуцца да нацыянальнага, а трымаюцца за савецкае.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка ўжо заявіў, што краіна будзе рыхтавацца да святкавання 100-годдзя камсамола, а вось пра святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі дзяржаўныя чыноўнікі практычна і не ўспамінаюць. Чаму так адбываецца?

Лявон Баршчэўскі: Нашчадкі рэпрэсіўнага рэжыма сёння пры ўладзе, а камсамол быў структурай гэтага рэжыма. І яны трымаюцца за гэтыя сімвалы менавіта для таго, каб паказаць, што ў краіне нічога не змянілася, ёй кіруюць тыя самыя людзі. І маладым пакаленням закідаюць на будучыню, што і далей гэтыя “камсамольцы” будуць кіраваць. Каб народ не вельмі задумваўся, што гэта можна і трэба памяняць. Той жа камсамол застаецца сімвалам трымання за ўладу. Хочуць паказаць, што, маўляў, яна непахісная і вечная. Імкнуцца ствараць менавіта такую ілюзію.

РР: Але ж 100-годзе БНР – гэта, думаю, для краіны таксама значная дата…

Лявон Баршчэўскі: Гэтая дата якраз не ўпісваецца ў іх парадыгму. БНР стваралі менавіта беларусы, а камсамол і БССР – «советские люди». Гэтае ж рашэнне прымалася не ўнутры краіны, а ў Маскве. Сёняшняя ўлада пакуль яшчэ не здольная прызнаць, што беларусы могуць мець пераемнасць ад сваіх традыцый і чапляюца за сталінска-ленінскія.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя