Чаму ўлады баяцца Дня Волі?



Кіраўнік руху “За свабоду Юрась Губарэвіч распавядае пра тое, чаму ў гэтым годзе ўлады з асцярогай ставяцца да Дня Волі.

Як вядома, сталічныя ўлады пакуль не далі дазвол на правядзенне Дня Волі. У ліку прычын, якія паспрыялі адмове, ёсць і даволі незвычайная – маўляў, у дзеяннях заяўнікаў ёсць парушэнне закона “Аб масавых мерапрыемствах”, які абвяшчае, што “арганізатары масавага мерапрыемства не маюць права аб’яўляць у СМІ, сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках пра дату, месца і час яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай улёткі, плакаты і іншыя матэрыялы”.

Юрась Губарэвіч: Такая норма існуе ў заканадаўстве, а ў СМІ насамрэч прайшла інфармацыя пра дату і месца правядзення мерапрыемства. Але ж тут няма ніякай таямніцы. Хіба для некага сакрэт, што Дзень Волі праводзіцца 25 сакавіка? Гэтая норма, хутчэй за ўсё, была ўведзена ў закон, каб ускладніць магчымасці для арганізатараў. Нават станоўчы адказ уладаў даецца прыкладна за пяць дзён да правядзення мерапрыемства і, натуральна, за такі кароткі тэрмін складана правесці паўнацэнную інфармацыйную кампанію. Тым не менш, як бачым, норма часам паспяхова выкарыстоўваецца ўладамі для таго, каб абгрунтаваць адмову.

РР: Мне падаецца, што ў мінулыя гады ў СМІ пастаянна з’яўлялася інфармацыя пра дату і месца правядзення нейкіх акцый, і гэта не выклікала пытанняў ва ўладаў да арганізатараў…

Юрась Губарэвіч: Так, і пры гэтым мерапрыемства дазвалялі. Гэта сведчыць, што ніякага вялікага парушэння тут няма. А калі СМІ паведамілі пра дату і месца акцыі без спасылкі на арганізатараў? Як гэты факт расцэньваць? Мне адно зразумела – на Дзень волі пакуль вырашылі не даваць дазвол, хаця будзе паўторная заяўка.

РР: Калі БРСМ абвяшчае, што, напрыклад, ля Палаца спорту правядзе нейкае мерапрыемства, то гэта ж не азначае, што мерапрыемства будзе забаронены?

Юрась Губарэвіч: Вядома ж, Мінгарвыканкам ніколі не пойдзе на тое, каб чапляцца да праўладнай арганізацыі за такія “дробязі”.

РР: Што адбываецца ў гэтым годзе? Улады баяцца Дня Волі?

Юрась Губарэвіч: Мне падаецца, што пакуль яны не маюць сфармаванага рашэння адносна Дня волі, а таму вырашылі адкласці яго бліжэй да 25 сакавіка. Сітуацыя ў гэтым годзе крыху змянілася ў краіне. У грамадстве ёсць вялікая незадаволенасць дэкрэтам пра “дармаедаў”, і ўжо 17 лютага пройдзе несанкцыянаваная акцыя за адмену дэкрэта. Улады будуць аналізаваць пратэстныя настроі, бо любая легальная акцыя – гэта магчымасць вывесці людзей на вуліцу, не баючыся атрымаць штраф.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя