Чаму ўлады трымаюцца за дэкрэт аб «дармаедах»?



Былы палітвязень Юрый Рубцоў, які папрасіў палітычны прытулак у Нямеччыне, распавядае, чаму беларускія ўлады не хочуць адмяніць сумнавядомы дэкрэт «аб дармаедах».

Пасля вясновых пратэстаў дзеянне дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» было прыпынена, але да 1 кастрычніка ён павінен быць абноўлены.

Са слоў беларускага кіраўніка, “ніякай адмены дэкрэта быць не можа”.

Юрый Рубцоў: Улада не хоча паказваць сваёй слабасці, таму і не збіраецца адмяняць дакумент. Нам ужо вядомы прыклады, калі лічбы скажаюцца так, што рэальную сітуацыю за імі ўжо ніхто і не бачыць. У бюджэце фінансы спяваюць рамансы, а адкуль узяць новыя крыніцы прыбытку? Мадэрнізацыя прадпрыемстваў хуткіх грошай не дае, і ў беларускіх умовах нярэдка прыводзіць да таго, што фінансы проста выкідваюць на вецер. Таму прапанова асобных чыноўнікаў браць грошы з тых, хто не працуе, прыйшлася, відаць, вельмі даспадобы кіраўніцтву. Многія беларусы, дарэчы, вымушаны ехаць на заробкі ў Расею, плацяць там падаткі, але атрымліваецца, што і яны “дармаеды”. Дык можа нашым чыноўнікам лепш падумаць, як у сваёй краіне стварыць добрыя працоўныя месцы з прыстойнымі заробкамі? Вось у чым праблема! Не так даўно была заява, што неабходна, каб насельніцтва Беларусі павялічылася як мінімум да 15 мільёнаў чалавек. Цудоўны праект! Гэта ж колькі яшчэ патэнцыйных дармаедаў-падаткаплацельшчыкаў з’явіцца?!

РР: На ваш погляд, ці будзе прыняты дэкрэт эфектыўна працаваць?

Юрый Рубцоў: Я не выключаю, што ізноў пачнуцца пратэсты, бо тыя, хто выходзяць на вуліцу, не працуюць па кантракту і не знаходзяцца ў залежнасці ад працадаўцаў. Іншая справа, ці дапамогуць гэтыя акцыі вырашыць праблему, бо згадзімся, што складана супрацьстаяць арміі сілавікоў. Магчыма, калі дэкрэт прымуць, то многія беларусы пачнуць з’язджаць на працу ў іншыя краіны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя