Чаму Уладзімір Падгол расчараваўся ў выбарах?
Філосаф і былы кандыдат у дэпутаты Уладзімір Падгол распавёў пра тое, чаму пасля парламенцкіх выбараў яму не цікавыя выбарчыя кампаніі.
Нагадаем, што кіраўніцтву Партыі БНФ не спадабалася, якія метады выкарыстоўваў Падгол падчас правядзення сваёй выбарчай кампаніі на апошніх парламенцкіх выбарах. А там філосаф праявіў сябе досыць ярка – адзін раз прыйшоў на БТ у шлеме танкіста і бронекамізэльцы, у другі – з жаночымі пластыкавымі нагамі. Пасля крытыкі ў свой бок Падгол вырашыў пакінуць шэрагі партыі БНФ.
Уладзімір Падгол: У кампаніі мясцовых выбараў удзельнічаць пакуль не збіраюся, хаця не скажу, што наогул не цікаўлюся палітычным жыццём краіны. Але вынікі парламенцкай кампаніі пакінулі такі негатыўны след, што не перадаць словамі. Хаця дзякуючы майму ўдзелу ў выбарах, у доме, дзе я жыву, камунальшчыкі капітальны рамонт зрабілі. І незалежныя СМІ прыязджалі да мяне ў госці, і газета Адміністрацыі прэзідэнта рабіла рэпартаж… Калі пайшоў рэзананс у СМІ, дом, якія развальваўся, адрамантавалі. Я мог бы на гэтым капітальна згуляць, але ў выніку мой удзел у парламенцкай кампаніі Партыя БНФ асудзіла, і я быў вымушаны пакінуць партыйныя шэрагі. Яны ўвогуле не зразумелі мой крэатыўны падыход. Асудзілі і сказалі, што я зганьбіў партыю сваёй кампаніяй.
РР: Можа праз удзел у мясцовых выбарах ізноў прынеслі б карысць дому і сваім суседзям? Перамога хаця б у такім лакальным маштабе…
Уладзімір Падгол: Унікальнасць сітуацыі ў тым, што большасці людзей абсалютна не цікава, што ты для яго робіш альбо збіраешся зрабіць. У грамадстве абыякавасць неверагодных памераў, бо ў моц палітыкаў ніхто не верыць. Людзі, не ведаючы ўсіх кулуарных нюансаў, думаюць сёння толькі пра сябе. Пра тое, як кожнаму з іх выжыць. І выбары ім не цікавыя таксама.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя