Чаму «вертыкальшчыкі» працягваюць браць хабар?



Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла патлумачыў спецыфіку “нялёгкай працы” раённых кіраўнікоў.

Чарговы карупцыйны скандал раённага ўзроўню звязаны са старшынёй Салігорскага райвыканкама, які, па інфармацыі Следчага камітэта, змешчаны пад варту.

Паведамляецца, што чыноўнік быў затрыманы ў момант атрымання хабару памерам 2,7 тыс. даляраў. Заведзена крымінальная справа, яе санкцыя прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Гары Паганяйла: Чыноўнікі працягваюць браць хабар, і, мне падаецца, працэс гэта пакуль што немагчыма спыніць. Праблема закладзена ў самой сістэме ўлады, якая не кантралюецца грамадствам, закрытая ад прэсы. “Вертыкальшчыкі” ўваходзяць у кадравы рэестр кіраўніка краіны, і сама ж вярхоўная ўлада прызначае гэтых чыноўнікаў. Але пры ўсім пры гэтым менавіта яны распараджаюцца раённым бюджэтам, маюць уплыў на мясцовы бізнес. Таму ў многіх і з’яўляецца вялікая спакуса, каб запусціць руку ў дзяржаўную кішэню. Трэба дадаць, што маральны стан такіх кадраў нярэдка знаходзіцца на дастаткова нізкім узроўні. Яны служаць не народу, а гаспадару, які іх прызначыў. А гаспадара, па меркаванні некаторых, можна заўсёды падмануць. Тым больш, што гэтых раённых “князькоў” прыкрываюць і мясцовыя сілавікі, якія часам хаваюць скаргі ад грамадзян на кіраўнікоў, і факты не становяцца галоснымі. Гэта добрая глеба для карупцыі, а таму тых жа “вертыкальшчыкаў” як некалькі гадоў таму саджалі ў турму, так і зараз працягваюць саджаць.

РР: Вы лічыце, што гэтыя пасадкі не даюць ніякага эфекту?

Гары Паганяйла: Мы яго не бачым, таму што кожны новы кіраўнік лічыць, што, калі яму даверылі такую пасаду, значыцца і вочы заплюшчаць на некаторыя факты. Маўляў, галоўнае, каб ты быў адданым для начальніка. Але, як бачым, нават такая “адданасць” не выратоўвае. Хаця не думаю, што ўсіх карупцыянераў прыцягваюць да адказнасці. Тут таксама, напэўна, ёсць выбарачны характар.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя