Чаму “Витебский курьер” перастаў быць грамадска-палітычным сайтам?



Інтэрнэт-рэсурс, які стаў працягам аднайменнай папяровай газеты, цяпер належыць іншаму гаспадару.

Былая ўладальніца сайта Вольга Карач патлумачыла, на якіх умовах у лістападзе мінулага году сайт быў прададзены жыхару Менска, стартап-тэхнолагу Аляксею Шаблоўскаму:

– Мы ставілі задачу знайсці новага адміністратара, ці каб прыйшла “свежая кроў”. Ён абяцаў, што сайт застанецца рэгіянальным сайтам, што ён не будзе ўмешвацца ў рэдакцыйную палітыку, а займацца толькі адміністратыўнымі пытаннямі, што ўся рэдакцыя застанецца працаваць.

Хаця абяцанні былі толькі вуснымі, Аляксей Шаблоўскі часткова іх выканаў: на сайце змяшчаюцца рэгіянальныя навіны. Але інтэрнэт-рэсурс, які набыў папулярнасць, дзякуючы аўтарскім артыкулам і зваротнай сувязі з чытачамі, ператварыўся ў навінавы дайджэст. Паводле новага гаспадара, ён спрабаваў супрацоўнічаць з рэдакцыйным калектывам, каб праца ішла ў ранейшым рэчышчы, але не ўдалося паразумецца з рэдактаркай Вольгай Радзюк, якая сышла з праекту.

Былая рэдактарка кажа, што Аляксей Шаблоўскі прапанаваў непрымальныя ўмовы працы – як у матэрыяльным плане, так і ў плане рэдакцыйнай палітыкі. Цяпер сайт напаўняецца навінамі, перадрукаванымі з іншых крыніц, а ўласных матэрыялаў няма, заўважае Вольга Радзюк:

– На працягу многіх гадоў “Витебский курьер” вельмі шмат працаваў над сваёй рэпутацыяй. Мы імкнуліся зрабіць сайт, які б чыталі ўсе, і які вырашаў бы гарадскія праблемы. Людзі давяралі нам свае беды. Таму мы страцілі не толькі даволі буйны рэгіянальны сайт – мы страцілі магчымасць  дапамагаць людзям

Знікненне сайта грамадска-палітычнай накіраванасці істотнае для Віцебску яшчэ й тым, што тут няма мясцовага незалежнага друку, дый з незалежных сайтаў дэмакратычнага накірунку застаўся ўсяго адзін –“Народныя Навіны Віцебску”. І гараджане, і журналісты лічаць, што такі сайт, дзе б змяшчаліся і краязнаўчыя матэрыялы, і артыкулы па гарадскіх праблемах, дый увогуле аператыўныя навіны з гарадскога жыцця, варта  стварыць наноў. І такія планы ўжо ёсць.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя