Чаму высокіх чыноўніка вызваляюць ад пакарання?
Кіраўнік “Прававой дапамогі насельніцтву” Алег Волчак патлумачыў, чаму карупцыя ў Беларусі ніколі не знікне.
У 2014 годзе былы намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Архіпаў быў асуджаны Вярхоўным судом на 6 гадоў зняволення за атрыманне хабару і перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Аднак у 2016 годзе Архіпаў апынуўся на волі і ўзначаліў сельскагасппадарчае прадпрыемства. А не так даўно звольніўся і адтуль. Маўляў, так вырашыла Адміністрацыя прэзідэнта.
Алег Волчак: Я наогул не разумею, чаму Архіпава памілавалі, бо ён жа здзейсніў сур’ёзнае злачынства. Уяўляеце, якая абсурдная сітуацыя! Намеснік генеральнага пракурора, якія павінен сачыць за законнасцю, спецыяльна вызваляе ад пакарання злачынцу! А пасля і яго вызваляюць. Усё гэтае дае добрую нагоду для росту карупцыі ў краіне. Можна красці, браць хабар і табе за гэта практычна нічога не будзе.
РР: Такая своеасаблівая барацьба з карупцыяй?
Алег Волчак: Карупцыя ў Беларусі ніколі не знікне. Пра якую барацьбу можна казаць? Такімі памілаваннямі ўлады робяць усё магчымае, каб карупцыянераў станавілася больш. Так і адбываецца. А просты чалавек, які здзейсніў невялікае правапарушэнне, будзе сядзець, як кажуць, ад званка да званка па 5-6 гадоў. Такіх людзей вельмі шмат, і дзяржава іх не хоча вызваляць і мілаваць. А вось высокія “шышкі”, як бачым, выходзяць на волю хутка. Нават у калгас працаваць іх не загнаць. Зараз той жа Архіпаў, упэўнены, яшчэ і нармальна працаўладкуецца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя