Чаму Юрася Лукашэвіча не пускаюць за мяжу?



Працягваюцца рэпрэсіі супраць дэмакратычных актывістаў. Намесніку старшыні Партыі БНФ і былому кіраўніку Моладзі БНФ Юрасю Лукашэвічу забаронены выезд з Беларусі. Даведаўся ён пра гэта падчас праверкі пашпарту на беларуска-украінскай мяжы, у цягніку, калі накіроўваўся ў Кіеў.

Па меркаванню Юрася Лукашэвіча, гэта адбылося з-за канфлікту з кіраўніцтвам гістарычнага факультэту Белдзяржунівесітэту, адкуль ён быў адлічаны летась.

– Мяне знялі і сказалі, што нейкія прэтэнзіі мае БДУ. Сапраўды, тыдзень таму мне прыходзіла папера, што БДУ мае нейкія прэтэнзіі. Але ў панядзелак будзе новы суд. Я не думаў, што мне абмежаваны выезд. Я ж не збяраўся уцякаць. БДУ робіць маленькія шкодніцтвы. Паўтара года яны нічога не пісалі, не тэлефанавалі. Але калі мы падалі ў суд абскарджванне майго адлічэння, то роўна праз тыдзень прыйшла папера, што я нешта павінен БДУ. Хоць я навучаўся на платным.

Адлічаны з БДУ Юрась Лукашэвіч быў пасля адміністрацыйнага арышту за ўдзел у абароне мемарыялу ахвярам сталінскага тэрору ў Курапатах.

* * *

Намеснік старшыні Партыі БНФ не змог патрапіць ва Украіну.

Нагадаем, што былы лідар «Моладзі БНФ» Юрась Лукашэвіч быў адлічаны з гістарычнага факультэта БДУ вясной мінулага года, затым ён стаў намеснікам старшыні Партыі БНФ. Сёння на мяжы Юрася “развярнулі” памежнікі.

Юрась Лукашэвіч: Ехаў у Кіеў, але ў выніку атрымаў у пашпарт штамп “У выездзе адмоўлена”. Памежнікі назвалі мне артыкул, згодна з якім яны маюць права не пускаць за мяжу. Пачалі распытваць пра маё навучанне ў БДУ, затым сказалі, што ўніверсітэт, з якога мяне выключылі паўтара года таму, мае да мяне прэтэнзіі. Праўда, аказалася, што пра сутнасць прэтэнзій ніхто не ведае. Памежнікі параілі мне звяртацца ў аддзел грамадзянства і міграцыі.

РР: Для вас гэта стала нечаканасцю?

Юрась Лукашэвіч: Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што папера пра прэтэнзіі да мяне прыйшла тыдзень таму, але ж ніхто не папярэдзіў пра абмежаванні пры выездзе. І ў любым выпадку пакуль яшчэ ідзе абскарджванне майго адлічэння, таму кропка ў справе не пастаўлена. Дарэчы, прэтэнзіі ў БДУ да мяне з’явіліся акурат праз тыдзень пасля таго, калі мы папрасілі аднавіць слуханні па адлічэнні. Да гэтага паўтара года ніхто не пісаў і не тэлефанаваў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by