Чаму Жамчужнага перадумалі судзіць?
Былы палітвязень Мікола Дзядок пракаментаваў сітуацыю, якая склалася ў Горацкай калоніі з палітычным зняволеным Міхаілам Жамчужным.
Як ужо паведамлялася, быў прызначаны судовы працэс па пераводзе Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым зняволення, прадстаўленне ініцыянавала адміністрацыя калоніі №9 г. Горкі, дзе зараз утрымліваецца вязень.
Аднак затым праваабаронцам стала вядома, што суд не адбудзецца, паколькі “адпалі падставы”.
Мікола Дзядок: Калі такая сітуацыя здараецца, то, хутчэй за ўсё, адбылося наступнае: мясцовая адміністрацыя, як звычайна, жадаючы выслужыцца (а ў Горках гэта любяць і ўмеюць), пасля ўсіх спагнанняў прадставіла Жамчужнага на камісію для перавода на турэмны рэжым. Але потым зверху (хутчэй за ўсе з КДБ) далі „адбой”. Маўляў, пакуль не трэба.
РР: Не захацелі, каб гісторыя набыла рэзанас?
Мікола Дзядок: Мне цяжка меркаваць, чаму далі “адбой”. Магчыма, і насамрэч, каб не прыцягваць лішні раз увагі Еўропы да пытання палітвязняў. А можа быць і іншы варыянт. Не выключана, што рыхтуюць „раскрутку” Жамчужнага па 411-м артыкуле, які прадугледжвае крымінальнае пакаранне за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя