„Чараўніцтва елачнай цацкі” – у Глыбокім
„Чараўніцтва елачнай цацкі” – выстава пад такой назвай распачала працу ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. Яна сабраная з фондаў музея і прыватных калекцый жыхароў горада. Па словах навуковага супрацоўніка Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Алены Мядзелец, жыхары і госці горада на выставе ўбачаць не толькі калекцыю навагодніх цацак і гірлянд. Яны змогуць таксама азнаёміцца з маркамі, паштоўкамі і навагоднім антуражам мінулага стагоддзя:
– Мы зрабілі акцэнт на антуражы Новага года, зрабілі куток з навагодняй атрыбутыкай, з тым, што асацыюецца ў чалавека з Новым годам – гэта тэлебачанне з “Блакіным агенчыкам”, гэта віншавальнае слова кіраўніка дзяржавы, гэта гадзіннік “без пяці дванаццаць”, гэта апошні лісток календара, гэта мандарыны, шампанскае. Яшчэ адзін куток мы прысвяцілі віншаванням Дзеда Мароза і віншаванням людзей адзін аднаму.
На выставе прадстаўлена больш за трыста экспанатаў 40-90 гадоў мінулага стагоддзя. Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 17-га снежня, а працаваць яна будзе да канца студзеня.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя