На трасе М1 удзень 9 траўня ўтварыўся шматкіламетровы затор на выезд у Расею, паведаміла Ганна з Менска. Расейскія памежнікі пацвердзілі: «Чарга кіламетраў пяць».
— Мы вярталіся ў Беларусь у раёне 15.30 і бачылі доўгую чаргу на выезд у Расею. Напэўна, расейцы вяртаюцца з выходных, бо ўчора, калі мы выязджалі, затораў не было. А сёння стаялі і фуры, і легкавыя машыны. Чарга даўжынёй кіламетраў у шэсць-сем, – распавяла Ганна.
Паводле яе слоў, чэргі на ўезд з Расеі ў Беларусь не было.
– Так, затор кіламетраў пяць там ёсць. Усе вяртаюцца са святаў з Беларусі. Грузавых машын вялікі паток, і легкавых сёння таксама шмат. Да вечара павінны ўсе праехаць, – паведамілі TUT.BY у памежнай службе ФСБ Расеі.
Як растлумачыў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі, на беларуска-расейскай мяжы правяраюць дакументы толькі расейскія памежнікі. Што тычыцца чэргаў на іншых кірунках, па словах Бычкоўскага, у выходныя паток на самых папулярных – Польшча, Літва, Украіна – заўсёды моцна расце.