Чарговае судовае пакаранне для Тамары Шчапёткінай



У Бярозаўскім раёне прайшоў разгляд адміністрацыйнай справы журналісткі-фрылансер Тамары Шчапёткінай. Яе абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі на замежнае СМІ.

З ёй пагутарыў карэспандэнт Радыё Рацыя.

Тамара Шчапёткіна: Два дні ішоў працэс. І завяршыўся тым, што суддзя нават не выйшла падумаць, як мяне пакараць, то тут не ведаю, што і казаць… Лічу, што больш хадзіць па гэтым пытанні па судах я не буду. Мяне ўжо штрафуюць з 2014 года трэці раз. 25 базавых, калі не было ніякіх сведкаў, калі я нікога не пакрыўдзіла сваім артыкулам, гэта занадта. Што трэба сказаць? Суддзя чытае сайт нашага Радыё Рацыя. І слухае стужкі, бо яна сёння прынесла свой здымак і мой здымак і сказала, што далучае гэта да справы. Сфатаграфавалі мяне, не спытаўшы ў мяне дазволу. Тое, што чытаюць, гэта радуе. Хай чытаюць незалежныя мас-медыя нашыя суддзі. Глядзіш, будуць менш караць, або зусім не будуць караць. Бо віны маёй няма. Журналіст-фрылансер не павінен мець нейкую акрэдытацыю. А Канстытуцыя і 19-ы артыкул Міжнароднага пакту дазваляе мне займацца журналісцкай дзейнасцю – збіраць інфармацыю і распаўсюджваць яе незалежна ад межаў краіны.

РР: Вас судзілі за выраб інфармацыі для замежных СМІ?

Тамара Шчапёткіна: Так. За працу без акрэдытацыі на Радыё Рацыя.

РР: Але ніякіх сведак і ніякіх доказаў у судзе не было?

Тамара Шчапёткіна: Яны толькі пракруцілі фільм на ютубе Пятрухіна, дзе было відаць, што я знаходжуся ў судзе, і Пятрухін называе, што тут працуе журналістка Радыё Рацыя. Вось гэтым толькі яны скарысталіся.

РР: Іншых доказаў не было?

Тамара Шчапёткіна: Іншых доказаў не было. Я так разумею, што гэтае відэа лягло ў аснову майго абвінавачвання. Там было шмат журналістаў, але толькі мяне вырашылі пакараць. Бо гэта трэба перыядычна Шчапёткіну караць, каб яна ўрэшце-рэшт замоўкла.

РР: З вамі ў судзе былі Зінаіда Міхнюк і Таццяна Тарасевіч.

Тамара Шчапёткіна: Так. Зінаіда Міхнюк прыехала з Берасця падтрымаць мяне. Гэта старшыня абласнога прафсаюза РЭП.

Зінаіда Міхнюк: Тамару Васільеўну заўсёды падтрымліваю. Яна журналіст, які ўмее асвятліць складаныя пытанні і падтрымаць чалавека, і мы за гэта ёй вельмі ўдзячныя. А пра суд Бярозаўскі… сорамна за такія суды. І суддзя – гэта чыноўнік у мантыі. Гэта не нагадвае суд, да якога хочацца адносіцца з павагай.

Таццяна Тарасевіч: Мне таксама вельмі сорамна, таму што гэта быў не суд, а нейкая пародыя. Усё робіцца для таго, каб заткнуць рот людзям, якія ўмеюць думаць. Трэба, каб усе выконвалі тое, што гаворыць улада, што гавораць чыноўнікі, і не мелі сваёй думкі. Усё робіцца для гэтага.

Гутарыла Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя