Чарговае затрыманне прафсаюзнага актывіста на «Нафтане»
У Беларусі не спыняецца пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў. Апошнімі днямі ў іх ліку і шматлікія актывісты прафсаюзнага руху.
Праваабаронцам цэнтру «Вясна» стала вядома, што 27 верасня сілавікі затрымалі інжынера-канструктара нафтаперапрацоўчага заводу «Нафтан» у Наваполацку Аляксандра Балонкіна.
Паводле сведак, перад гэтым адбыўся ператрус на працоўным месцы адмыслоўца.
Аляксандр Балонкін — намеснік старшыні першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу работнікаў ААТ «Нафтан».
Пачынаючы з 21 верасня пракацілася хваля затрыманняў на прадпрыемствах «Гродна Азот», «Нафтан», БМЗ і некаторых іншых. За кратамі цяпер блізу паўтара дзясятка чалавек.
Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, усе праходзяць у межах артыкула 356 (здрада дзяржаве), санкцыя якога прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
26 верасня на тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт пра затрыманых рабочых, дзе паведамілі яшчэ пра адну крымінальную справу — за стварэнне экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-1 КК).
У адносінах да некаторых актывістаў гаворка і пра іншыя артыкулы, напрыклад арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).