Чарговае затрыманне за хабар: 690 рублёў за залік
53-гадовую настаўніцу ўніверсітэта ў Магілёве затрымалі з-за падазрэння ў атрыманні хабару, паведаміў Следчы камітэт Беларусі ў сваім тэлеграм-канале.
Следства сцвярджае, што 3 чэрвеня выкладчыца „ў сваім кабінеце атрымала ад студэнтаў адной з груп хабар у памеры 690 рублёў за спрыяльнае вырашэнне пытання аб здачы заліку”. „Такса, устаноўленая выкладчыкам, маладым людзям была вядомая ад навучэнцаў старшых курсаў — ад кожнага студэнта па 30 рублёў. Праз два дні жанчына прыняла залік па дысцыпліне, якую выкладала ў групе, і выставіла студэнтам „залiчана”, — гаворыцца ў паведамленні.
Дзеянні затрыманай кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 430 КК (атрыманне хабару). Яна ўзятая пад варту.
У СК паведамілі, што дома ў затрыманай было знойдзена больш за 16 тыс. долараў. Грошы канфіскаваныя.
Следчыя дзеянні працягваюцца.
belapan.by