Чарговая атака ўлады на незалежныя СМІ
Незалежныя сайты блакуюць, а журналістаў пазбаўляюць акрэдытацыі.
Сайт naviny.by заблакавалі неўзабаве пасля таго, як на ім быў выстаўлены свежы артыкул палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага пад загалоўкам „У адным акопе з Пуціным. Чаму Лукашэнка раздзімае міф пра заходнюю пагрозу”. У артыкуле вядзецца пра тое, як Аляксандр Лукашэнка зноў грузіў электарат тэмай заходняй ваеннай пагрозы.
„І тое, што вас напружваю зараз з нагоды гэтых гусеніц танкаў на тэрыторыі Польшчы і Літвы, дык слухайце, мы ж не ідыёты”, – папулярна тлумачыў ён работнікам берасцейскага акцыянернага таварыства „Савушкін-Орша”. Як піша Аляксандр Класкоўскі, толькі лянівы аглядальнік не адзначыў, што фішкай мінулай выбарчай кампаніі Лукашэнкі было выкрыццё рукі Масквы. Да 9 жніўня галоўнакамандуючага і яго генералаў абсалютна не тузаў монстр NATO.
Тым больш што сёлета з-за COVID-19 альянс згарнуў свае вучэнні. Прапагандысты яшчэ пасмейваліся, што натаўскія ваякі пабаяліся віруса. А вось калі магутныя пратэсты беларусаў, якія палічылі выбары сфальсіфікаванымі, прывялі ўладную вярхушку ў трапятанне і рэзка спатрэбілася абаперціся на плячо Крамля, вектар выкрыцця тут жа павярнуўся на 180 градусаў, адзначае Класкоўскі, пры гэтым ён перасцерагае, што танкі могуць прыехаць як раз з усходняга боку і застацца ў Беларусі назаўсёды.
Варта адзначыць, што за некалькі гадзін да гэтага кіраўнікі БелаПАН, „Нашай Нівы” і яшчэ некаторых недзяржаўных СМІ былі запрошаныя на сустрэчу з кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі і прадстаўніком МУС, каб абмеркаваць працу СМІ падчас масавых мерапрыемстваў і праблему затрымання журналістаў. Ніякіх прэтэнзій да naviny.by і nn.by не выказвалася. Пра ўключэнне ў спіс абмежаванага доступу таксама не паведамлялася.
„Наша Ніва” працягвае працу ў Telegram: https://t.me/nashaniva