Чарговая хвалюючая знаходка ў Гародні
Нядаўна гарадзенскія рабочыя знайшлі скарб у старым доме. І вось новая знаходка. Работнікі «Гроднагарстроя», расчышчаючы гарышча ў даваенным доме на вуліцы 1 Мая, знайшлі цікавы пакет.
У газету «Праўда» за кастрычнік 1944 года быў загорнуты чырвоны нацысцкі сцяг са свастыкай, а ў яго – разабранае ружжо, пісталет і патроны. Пра гэту гісторыю паведамляе УУС.
Па словах начальніка крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС Віталя Зезюлевіча, пад тканінай знаходзіліся разабраная дубальтоўка і малакаліберны пісталет, знешне падобны да адназарадных пісталетаў «Монтэ-Крыста», а таксама 125 патронаў да стрэльбы і пісталета.
Зброя і боепрыпасы накіраваныя на экспертызу.
Мяркуючы па газеце, схавана ўсё гэта было ўжо пасля вызвалення горада савецкімі войскамі.
Фота: УУС Гарадзенскай вобласці