Чарговая смерць у калоніі



«Беларускі дакументацыйны цэнтр» паведамляе пра чарговую смерць зняволенага ў папраўчай калоніі асобага рэжыму № 13 у горадзе Глыбокае. Паведле інфармацыі, змешчанай на сайце Цэнтра, 4 студзеня асуджаны жыхар Жлобіна Валянцін Пішчалаў, 1986 года нараджэння, памёр у машыне «хуткай дапамогі», якая была выкліканая ў калонію, каб даставіць хворага ў шпіталь. Згодна з «Заявай аб смерці асобы, якая памерла ў месцах пазбаўлення волі», прычына смерці: вострая сардэчна-сасудзістая недастатковасць.

Аднак, як стала вядома яго маці, сын захварэў яшчэ 23 снежня 2016 года. У яго была тэмпература 39 градусаў, але яму не толькі не аказвалі медыцынскай дапамогі, але і адпраўлялі хворага на працу на пілараму. Апроч гэтага стала вядома, што Пішчалава з невядомай прычыны павезлі за 150 км з г. Глыбокае ў г. Жодзіна, а не ў мясцовы шпіталь.