Чарговая страта сярод беларускіх добраахвотнікаў
194-і дзень вайны. Падчас наступу на Херсоншчыне зазнаў страты беларускі батальён „Тэрор”, які раней быў часткай палка імя Кастуся Каліноўскага, але нядаўна ад яго адкалоўся, паведамляе Наша Ніва. «Тэрораўцы» ўдзельнічаюць у наступленні ўкраінцаў на пазіцыі расейскіх акупантаў.
У адным з баёў машына з байцамі была падбітая мінай або снарадам — дакладнай інфармацыі няма, прадстаўнікі «Тэрору» нічога не каментуюць. Кіроўца, беларус з пазыўным «Тэд», загінуў. Астатнія пяць чалавек — меркавана, усе беларусы, атрымалі раненні, знаёмыя з імі байцы лічаць, што раненні лёгкія.
Усяго з 24 лютага ў розных злучэннях на ўкраінскім баку загінулі 12 беларусаў. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», усяго ў беларускія злучэнні падалі дакументы каля 1600 беларусаў, некалькі соцень з іх былі прынятыя і ваююць.
Тым часам, каля дзясятка дзяўчат пачалі вайсковую падрыхтоўку пад кіраўніцтвам інструктараў ByPol і палка «Пагоня» для плану «Перамога». Паводле арганізатараў, у час «ікс» яны будуць перакінутыя на тэрыторыю Беларусі і дапамогуць вызваляць краіну ў выпадку прымянення сілы з боку беларускіх сілавікоў, паведамляе Свабода.