Чарговая трагедыя пасля ўвядзення антыбіётыку



Барысаўскі школьнік апынуўся ў рэанімацыі пасля ін’екцыі антыбіётыку.

прышчэпка

Паводле інфармацыі ex-Press, 11-гадоваму навучэнцу адной са школ Барысава дома 20 студзеня была зроблена ін’екцыя цэфтры-аксону. Антыбіётык выраблены на падмаскоўным прадпрыемстве “Рузфарма”.

Праз 10 хвілін пасля ўвядзення прэпарата, растворанага ў аднапрацэнтным лідакаіне, у дзіцяці з’явіліся: сып, галавакружэнне, ваніты, ён стаў губляць прытомнасць і задыхацца. Бацькі не сталі чакаць прыезду хуткай дапамогі і на сваёй машыне прывезлі хлопчыка ў шпіталь. Лекары правялі комплекс рэанімацыйных мерапрыемстваў, у тым ліку штучную вентыляцыю лёгкіх.

Паводле інфармацыі партала, дыягназ быў пастаўлены адразу: анафілактычны шок. Стан дзіцяці ацэньваецца як цяжкі.

Прыгадаем, што днямі была прыпыненая рэалізацыя цэфтрыаксону і лідакаіну, якія былі выпрацаваныя на “Барысаўскім заводзе медычных прэпаратаў”. Гэта адбылося пасля смерці жыхаркі Маладзечанскага раёна.