Чарговы інцыдэнт ля рэстарана „Поедем, поедим”



Ахова рэстарана „Поедем, поедим”, размешчанага каля месца масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах пад Менскам, днём 24 ліпеня выкарыстала сілу ў дачыненні да абаронцаў урочышча, якія пратэстуюць супраць працы гэтай установы.

Экс-лідар руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык паведаміў БелаПАН, што акцыя па ахове Курапатаў пачалася апоўдні, і а першай гадзіне было спакойна.

„Спачатку ўсё было спакойна. Мы спынілі машыну, яна разгрузілася. А пасля ахова стала нас проста адціскаць ад машын. Такім чынам, дзве машыны мы ўжо прапусцілі. Яны проста нападаюць на людзей і адцягваюць іх у бок”, — расказаў апазіцыйны палітык.

„Ахоўнікаў чацвёра, настроеныя яны вельмі агрэсіўна. Абаронцаў Курапатаў таксама чацвёра, але яны ж звычайныя людзі, а не „качкі” нейкія. Там жа прафесійная ахова, чатыры такія чалавека — гэта досыць шмат”, — падкрэсліў Сіўчык.

Грамадскія пратэсты ў сувязі з працай забаўляльнага комплексу ў Курапатах праходзяць з 31 мая. Кампанія грамадскага байкоту абвешчаная 18 ліпеня.

20 ліпеня ўладальнік рэстараннага комплексу „Поедем, поедим” Леанід Зайдэс на сустрэчы з журналістамі заявіў, што не мае намеру яго закрываць або пераносіць.

23 ліпеня сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец паведаміў БелаПАН, што ў верасні абаронцы Курапатаў плануюць арганізаваць мітынгі каля рэстарана.

belapan.by