Чарговы маніторынг мовы варожасці ў беларускіх СМІ
Прачыталі і прааналізавалі амаль 12 тысячаў тэкстаў. Ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць» завершыла працу над чарговым маніторынгам мовы варожасці ў беларускіх СМІ.
Яго аўтары заўважаюць, што менш за ўсё карэктных матэрыялаў выходзіць пра людзей з інваліднасцю. Найбольш некарэктных тэкстаў у рэгіянальных дзяржаўных СМІ. Праявы мовы варожасці ў беларускіх СМІ хутчэй маргінальныя, чымсьці сталыя, заўважае сацыёлаг Віалета Ермакова, якая працавала над маніторынгам.
– Агульнае ўражанне такое – зараз на ўзроўні мовы варожасці ў Беларусі займаемся тонкімі матэрыямі. Мы шліфуем некаторыя рэчы, якія можна зрабіць лепшымі. Мы гаворым пра гэта. Праявы адкрытай агрэсіўнай рыторыкі – яны хутчэй маргінальныя ў медыйным полі ў цэлым. То бок у нас зараз усё ў парадку.
Але даводзіцца некаторыя моманты карэктаваць, кажа сацыёлаг Віалета Ермакова. Большасць шпампаў з мовай варожасці беларускім журналістам засталіся яшчэ ў спадчыну, над якімі ніхто не задумваецца. Вось вельмі цікавы прыклад:
– Прааналізавалі вялікі працэнт матэрыялаў. Мы нават фіксавалі як некарэктныя матэрыялы такія, якія, напэўна, ніхто раней не высоўваваў у якасці прэтэнзій. „Нямецка-фашысцкія захопнікі”. У гэтым годзе было 75 гадоў вызвалення Беларусі. Неафіцыйная назва – вызваленне „ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. А па нашых кодах атрымліваецца, што гэта ўзгадванне этнічнасці ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі. Калі б яны пісалі „фашысты”, або „гітлераўскія войскі”, або калі б пісалі, што гэтыя злачынствы здзейснілі „нацысты”, дык не было б ніякіх пытанняў. Але калі гэта прыпісваецца немцам, як этнічнай групе, з’яўляецца мова варожасці.
У беларускіх СМІ прыкладна ў 25% усіх публікацый сустракаюцца ўразлівыя групы, на якіх скіраваны маніторынг (а гэта – этнічныя і рэлігійныя меншасці, грамадзяне іншых дзяржаў, мігранты, людзі з інваліднасцю, людзі з залежнасцю, якія маюць досвед пазбаўлення волі, ЛГБТК +). Прычым прыкметы мовы варожасці ў дачыненні да гэтых груп сустракаюцца менш чым у 4% ад усяго кантэнту СМІ, які патрапіў у маніторынг.
Беларускае Радыё Рацыя