Чарговы прысуд у Гародні за выказванні ў інтэрнэце



У Гарадзенскім абласным судзе вынесены прысуд па справе 46-гадовага Алега Завадскага, якога абвінавацілі ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы. Справу разглядаў суддзя Віталь Кулеш.

Мужчына, па матэрыялах абвінавачання, размясціў у Telegram публікацыі, у якіх даваў відавочна негатыўную ацэнку Лукашэнкі — у паведамленнях выкарыстоўвалася ненарматыўная лексіка.

У іх абвінавачаны таксама заклікаў да гвалту ў дачыненні да вайскоўцаў РФ і РБ, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, распальваў нацыянальную і сацыяльную варожасць і варажнечу: „расейскія захопнікі, якія ўдзельнічаюць у гвалтоўным захопе чужой дзяржаўнай тэрыторыі ваеннай сілай”.

15 лютага КДБ унёс ягонае прозвішча ў спіс „Асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.