Чарговы штраф за Дзень памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы
25 базавых велічыняў ці інакш 3 мільёны сямсот пяцьдзясят тысяч рублёў – такі штраф Рыгору Кастусёву прысудзіла суддзя суду Шклоўскага раёну Святлана Баранчыкава. Намесніка старшыні партыі БНФ пакаралі за ўдзел у акцыі па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863 года, якую 26 кастрычніка праводзілі ў Свіслачы прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці. Суддзя кваліфікавала гэта як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
Прысуд мяне зусім не здзіўляе, кажа Рыгор Кастусёў:
– Мы прадбачылі такі вынік, толькі не ведалі памер штрафу. Суд з перапынкам цягнуўся з 11.30 да 17.08. Нават на судовае паседжанне былі запрошаныя міліцыянты са Свіслачы, якія падпісвалі пратакол аб парушэнні, які быў складзены на мяне.
Рыгор Кастусёў сваёй віны не прызнае. Сённяшні прысуд намеснік старшыні партыі БНФ будзе абскарджваць у судзе вышэйшай інстанцыі. Гэта чарговы суд па гэтак званай “свіслацкай справе”. Агулам пакарана штрафамі ўжо звыш дзесяці чалавек.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота narodny.org