Чарговы прысуд за працу без акрэдытацыі
Штрафам 40 базавых велічынь ізноў пакараны незалежны журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач. Прысуд агучыў суддзя докшыцкага суда Вячаслаў Елісеенка. Журналіста зноў судзілі па частцы другой артыкула 22.9 КаАП за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі.
Паводле Змітра Лупача, зноў яму ставілася ў абвінавачванне тое, што ён узяў інтэрв’ю, зрабіў сюжэт і размясціў яго ў сетцы Інтэрнэт.
“І колькі не даказвай у судзе, што гэта не можа рабіць адзін чалавек, суды да ўвагі тлумачэнні не прымаюць. Таму сёння ў судзе я адмовіўся даваць паказанні па сваёй справе, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі Беларусі”, – кажа Зміцер.
– Разглядаюцца справы фармальна, пішуцца фармуліроўкі “вырабіў” і “размясціў” . Нават па сённяшнім сюжэце было відаць, што агучана не маім голасам, іншы чалавек чытае. Відаць, што гэта праца не аднаго чалавека. Яшчэ мяне абурыла, што зачытваліся паказанні сведкі – старшыні сельсавета Алены Таляронак, дзе яна давяла, што я, не маючы акрэдытацыі, размясціў сюжэт на тэлеканале “Белсат”, чым парушыў заканадаўства. А яна ж не высветліла, ёсць у мяне акрэдытацыя ці няма. Відаць, што гэта пісана участковым. І прызнаць мяне вінаватым можа толькі суд, нават па беларускіх законах.
Дарэчы, 31 студзеня яшчэ паралельна праходзіў суд над Змітром Лупачам і Таццянай Смоткінай у Віцебску. Там разглядаліся дзве касацыйныя скаргі Змітра на пастановы судоў Докшыцкага і Пастаўскага раёнаў. А таксама касацыйная скарга Таццяны Смоткінай на пастанову Докшыцкага суда.
Суддзі Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова і Ірына Смалякова пакінулі іх без задавальнення.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя