Вячаслава Сіўчыка другі раз за тры дні аштрафавалі за ўдзел у акцыях (абноўлена)
20 лістапада Партызанскі раённы суд Менска аштрафаваў апазіцыйнага палітыка Вячаслава Сіўчыка на 40 базавых велічынь (920 рублёў).
Вячаслава Сіўчыка другі раз за тры дні аштрафавалі за ўдзел у акцыях пратэсту. Падставай для судовага разбіральніцтва стаў удзел палітыка ў акцыі памяці ахвяр масавых рэпрэсій “Ланцуг памяці”, якая адбылася 29 кастрычніка каля будынку КДБ. Не гледзячы на пацяпленне стасункаў афіцыйнага Менску з Захадам і нават на запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі ў Брусель, рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, кажа Вячаслаў Сіўчык:
— Рэпрэсіі абсалютна не спыняюцца. Прычым гэтыя рэпрэсіі якраз звязаныя з тым, што еўрапейцы дазваляюць Аляксандру Лукашэнку іх праводзіць. Гэта пацвярджае ягонае афіцыйнае запрашэнне ў Брусель. Ён даўно да гэтага імкнуўся, хоць я не ведаю, ці будзе ён здольны даехаць да Бруселя, бо тут ёсць іншыя палітычныя пытанні, але яму палітычна неабходна атрымліваць такія запрашэнні і легалізавацца.
Са слоў Вячаслава Сіўчыка, на жаль такое пацяпленне паміж афіцыйным Менскам і Захадам робіцца за кошт правоў чалавека і гэты вал рэпрэсій абсалютна не выпадковы. Раней палітык быў аштрафаваны за ўдзел у акцыі “Марш абураных беларусаў 2.0”.
* * *
Вячаслаў Сіўчык на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў, што 20 лістапада ў Менску ў судзе Партызанскага раёну (вуліца Сямашкі-33) адбудзецца разгляд чарговай адміністрацыйнай справы ў дачыненні да яго.
Пачатак разгляду справы а 10-й гадзіне.
Вячаслаў Сіўчык дакладна не ведае чаго датычыць новая адміністрацыйная справа, палітык мяркуе, што магчыма яго будуць судзіць за ўдзел у ланцугу памінання ў Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій.
Беларускае Радыё Рацыя