Чарговы штраф за Беларускі нацыянальны кангрэс



Актывіста „Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага аштрафавалі на 9,5 мільёна рублёў.

maksim_viniarski

27 траўня ў Фрунзенскім судзе Менска адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы актывіста. Яго звінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях — устаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэса, які прайшоў 15-га траўня, і акцыі «Праспект нацыянальнага сцяга», якая адбылася 14-га траўня. А таксама ў супраціве міліцыі.

За ўдзел у акцыях суддзя пакарала Вінярскага штрафам у 45 базавых велічынь. Максім Вінярскі заявіў, што папярэдзіў суддзю пра адказнасць. Ён таксама падзякаваў сябрам за падтрымку.

Нагадаем, што 24-га траўня пачаўся разгляд адміністрацыйных спраў супраць удзельнікаў устаноўчага сходу Беларускага нацыянальнага кангрэса. Адным з першых быў аштрафаваны былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч. Суддзя прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі і аштрафавала на 30 базавых велічынь.

Беларускае Радыё Рацыя