Чарговы штраф за недазволены пікет (абноўлена)
Разгляды справаў за правядзенне пікетаў нельга назваць аб’ектыўным і ўсебаковым, – лічыць юрыст і праваабаронца Тамара Сяргей. Так яна пракаментавала чарговую пастанову, якую суд Цэнтральнага раёну Менску вынес адносна пенсіянеркі Любові Санкевіч. Яна была прызнана вінаватай у правядзенні несанкцыянаванага пікету супраць беззаконня ў органах улады, які адбыўся ў Менску 31 сакавіка і аштрафавана на 30 базавых велічынь.
Арганізатары мерапрыемства звярталіся з заяўкай у Менгарвыканкам, аднак з гэтай установы прыйшла надуманая, па іх меркаванню, адмова. Законнасць гэтай адмовы неабходна было разгледзець ў судзе, – упэўнена Тамара Сяргей.
– Суд абавязаны быў разглядзець, ці законна было адмоўлена Санкевіч у правядзенні пікетавання, або не. Але наш суд чамусьці ўходзіць ад разгляду гэтай часткі справы. І мы ніяк не можам прымусіць суд разглядаць належным чынам такія справы.
„Але мы будзем дабівацца разгляду падобных справаў у поўным аб’еме, а не па скарочанаму сцэнару”, – падкрэсліла Тамара Сяргей. Таму што адмовы з боку ўладаў на правядзенне мітынгаў і пікетаў, асабліва з крытычным адносна ўладаў зместам, прынялі ў апошні час масавы характар. А гэта груба парушае канстытуцыйныя правы грамадзянаў.
* * *
Суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў на 630 беларускіх рублёў пенсіянерку з Бабруйску Любоў Санкевіч. Яе прызналі вінаватай у правядзенні несанкцыянаванага пікету супраць беззаконня ў органах улады. Пікет адбыўся ў Менску 31 сакавіка. Раней за ўдзел у ім былі пакараныя штафамі яшчэ 4 грамадзяніны.
Сваёй віны Санкевіч не прызнала, патлумачыўшы суду, што да яе ніхто з супрацоўнікаў міліцыі не падыходзіў і не папярэджваў пра незаконнасць пікетавання. Два супрацоўнікі міліцыі, якія сведчылі ў судзе, сцвярджалі адваротнае. Хадайніцва Санкевіч аб праглядзе відэазапісаў з пікету суд не задаволіў.
– Не маючы доказаў, сведкі АМОН і мілыцыя, кажуць, што нехта да мяне падыходзіў. Хто да мяне падыходзіў? Ніхто не падыходзіў і не гаварыў. Але мяне судзяць. Гэта не суд – а судзілішча. Затым з працягнутай рукой будзем сядзець каля адміністрацыі прэзідэнта і прасіць міласці для таго, каб аплаціць гэтыя штрафы. За тое, што хочам быць пачутымі гарантам Канстытуцыі.
Па словах Любоў Санкевіч, яна ў бліжэйшы час абскардзіць судовую пастанову Цэнтральнага суду аб пакаранні штрафам ў Менскім гардскім судзе.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя