Чарговы штраф за Свіслацкі фэст



У судзе Ленінскага раёна Берасця разглядалася справа грамадскага актывіста Яўгена Скрабутана. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, якое прайшло 30-га кастрычніка ў Свіслачы, і было прысвечана ўшанаванню памяці паўстанцаў 1863 году. Сведкамі на судзе выступілі двое міліцыянтаў – Гуштын і Садоўскі. Суддзя Андрэй Канючка агучыў прысуд – пяць базавых велічынь штрафу – расказвае Яўген Скрабутан:

— Там было шмат нестыковак. Напрыклад у сваіх рапартах яны пісалі, што мяне пазналі, пазней жа аказалася, што ім проста ўказалі на тое, што гэта я і яны проста пагадзіліся ды падпісалі тыя паперы. Сведчанні міліцыянтаў проста такія, што я там быў. А што я там рабіў? Святкаваў дзяды ці ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве даказаць было цяжка. Тым больш, што з судзе не было таксама як сведкі ўчастковага, які падпісаў пратакол, дзе напісаў, што я адмовіўся з ім знаёміцца і да яго прыходзіць, хто мяне ніхто туды не запрашаў. Карацей, гэта не суд а цырк, і мы будзем гэтае рашэнне абскарджваць. 

Памятнае мерапрыемства традыцыйна праходзіць напярэдадні Дзядоў у Свіслачы і Якушоўцы, і вядомае як „Свіслацкі фэст”. Арганізуецца ўжо больш за 20 гадоў.

За ўдзел у сёлетнім фэсце на актывістаў ужо наклалі штрафаў на суму, якая перавышае 280 базавых велічынь.

Беларускае Радыё Рацыя