Чарговы штраф за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы



Шосты актывіст пакараны штрафам за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы. 20 сакавіка суддзя Цэнтральнага суда Менска Ю.Густыр  пастанавіў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне арт. 23.34 КаАП  актывіста „Моладзі БНФ” Дзяніса Мандзіка.

Дзяніс Мандзік. Фота: belsat.eu

“21 лютага з 13.00 да 20.40 на Кастрычніцкай плошчы збіраў подпісы на фоне агітацыйнага плаката „Любіце і шануйце як святыню роднае слова, з якім вас літасцівы бог на свет пусціў”, пры гэтым ажыццяўляў збор подпісаў за стварэнне першага беларускамоўнага нацыянальнага ўніверсітэта”, – пазначана ў пратаколе правапарушэння.

Сведкай па справе выступаў супрацоўнік міліцыі Дзмітрый Прэсняк. Дзяніс Мандзік прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пакараны штрафам у памеры 25 базавых велічынь.

Нагадаем, што раней штрафамі за збор подпісаў, які суды чамусьці трактуюць як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, пакараныя Павел Пракаповіч, Ягор Сергіенка, Раман Ганчароў, Наста Гусева. Яшчэ некалькі чалавек атрымалі копіі пратаколаў правапарушэння, аднак даты судовых паседжанняў пакуль не прызначаныя.

spring96.org