Чарговы штраф Змітру Лупачу за супрацу з „Белсатам”



Суддзя Глыбоцкага суда Людміла Вашчанка пакарала журналіста-фрылансера 30-цю базавымі велічынямі штрафу, што складае 870 беларускіх рублёў. Падставай для завядзення адміністрацыйнай справы на журналіста стаў чарговы фельетон пад назвай “Міністэрства замежных спраў трэба распусціць”.

 

Як кажа журналіст Зміцер Лупач, амаль ніводны яго фельетон не застаецца па-за ўвагай міліцыі. Заводзяцца ўсё новыя і новыя справы, гэта фактычная забарона на працу. А пытанне пра акрэдытацыю ў МЗС яго ўвогуле здзіўляе:

– Мяне яшчэ абурае, чаму я грамадзянін Беларусі павінен у нашым Міністэрстве замежных спраў нешта прасіць. Хай яны таксама бяруць дазволы ў Міністэрстве прамысловасці, чаму яны беларускае не купляюць, а ездзяць на замежных машынах і ежу замежную купляюць, замежнае адзенне, чым самым яны падрываюць прамысловасць рэспублікі Беларусь. Хай яны такі закон таксама выдадуць.

Нагадаем, журналіст-фрылансер Зміцер Лупач ужо некалькі разоў прыцягваўся да адказнасці за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. Да таго ў яго нядаўна быў ператрус, ён адседзеў на сутках 72 гадзіны і стаў падазраваным па крымінальнай справе па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні).

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя