Чарговы суд над Аленай Гнаўк адбудзецца 2 верасня
З адной крымінальнай справы за танец у карагодзе ў Берасці атрымалася яшчэ дзве: адміністрацыйная і крымінальная. Такі паварот адбыўся ў лёсе 64-гадовай Алены Гнаўк з вёскі Ткачы Пружанскага раёна, якая адбывае два гады „хатняй хіміі”.
Калі пратакол па адміністрацыйнай справе за дэманстрацыю нібы экстрэмісцкай кнігі адпраўлены суддзёй на дапрацоўку, то суд за абразу кіраўніка краіны пачнецца 2 верасня. Жанчына ўжо пазнаёмілася са справай. Аказваецца, дзве новыя справы атрымаліся з лёгкай рукі пракурора Аляксей Бараноўскага, які прысутнічаў на судзе ў якасці абвінаваўцы, кажа Алена Гнаўк:
– Бараноўскаму нібыта вельмі моцна даставалася на судзе. Ён нават пажаліўся суддзі, што вось я так сябе паводзіла, што я яго абвінавачвала. У цывілізаваным свеце абвінавачваему боку даецца права гаварыць усё, што думае наконт гэтай справы. І ў цывілізаваным свеце ніхто падобнага ніколі не робіць, тое, што зрабілі нашы пракуроры.
Паводле Алены Гнаўк, пракурор Бараноўскі, відаць, не ведаў, што за дэманстрацыю экстрэмісцкай кнігі чалавек не караецца, а толькі за распаўсюд. Ён не прапусціў таксама міма вушэй і словы Гнаўк, што ўладу ў Беларусі захапіў псіхічна не зусім здаровы чалавек. За такое заступніцтва цяпер толькі павышэнне.
Беларускае Радыё Рацыя